План абароны: пад пагрозай расейскай атакі НАТО сцягвае войскі ва Усходнюю Еўропу


Расейцы схапілі групу ўкраінскіх дыверсантаў, якія яшчэ ў сакавіку планавалі серыю тэрактаў у Расеі. Праўда, расейскія медыі паведамілі пра поспех спецслужбаў толькі пасля таго, калі Служба бяспекі Украіны заявіла пра затрыманне расейцаў, што планавалі захоп закладнікаў, у тым ліку аднаго з кандыдатаў на прэзідэнта Украіны. Адначасова ўкраінскія сілавікі нарошчваюць абарону ад расейскага войска, што стаіць каля мяжы. Праўда на гэтую вайсковую канцэнтрацыю сілаў расейцаў рэагуюць і сілы Захаду.

{movie}План абароны: пад пагрозай расейскай атакі НАТО сцягвае войскі ва Усходнюю Еўропу |right|15685{/movie}

Расейскія танкі, баявыя верталёты і самалёты, артылерыя, спецназ і нават разгорнутыя палявыя шпіталі – уся гэтая армада ў баявой гатовасці манеўруе ў непасрэднай блізкасці ад Украіны. Як і перад захопам Крыму, Масква кажа, што гэта проста вучэнні. Як і тады Кіеў не верыць, але цяпер рыхтуецца даць бой. Украінскія вайскоўцы акопваюцца на мяжы з Расеяй, у армію масава ідуць рэзервісты-дабраахвотнікі, ідзе пераўзбраенне. Аднак супраць расейцаў гэтага мала.

АЛЯКСАНДР ТУРЧЫНАЎ, ЧАСОВЫ ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:
“Калі пачалася агрэсія супраць нашай краіны, калі пачалася акупацыя Крыму, мы адчулі вельмі сур’ёзныя праблемы ў нашых узброеных сілах. Фактычна, мы аднаўляем армію з нулявой адзнакі”.

Паводле галоўнакамандуючага сіламі НАТО ў Еўропе Філіпа Брыдлава, расейскім войскам трэба ад трох да пяці дзён, каб захапіць палову Украіны, калі Крэмль дасць такі загад. Паўночна-Атлантычны Альянс вырашыў рэагаваць на расейскую пагрозу планам па ўзмацаванні НАТО. Як паведаміў Брыдлаў, гэты план можа ўключаць размяшчэнне самалётаў-знішчальнікаў у краінах Балтыі, павелічэнне актыўнасці ў Балтыйскім моры і пастаянная прысутнасць у Чорным моры натаўскага флоту, а таксама размяшчэнне да 4,5 тысячаў амерыканскіх жаўнераў у Польшчы, Румыніі ды краінах Прыбалтыкі. Белы Дом паведаміў, што ЗША ўжо накіравалі у Чорнае мора дадатковыя караблі ды знішчальнікі ў Польшчу.

АЛЕКСАНДЭР ВЭРШБАЎ, НАМЕСНІК ГЕНЕРАЛЬНАГА САКРАТАРА НАТО:
“Ключавая частка рэакцыі НАТО на пагрозу Расеі Украіне – гэта ўзмацненне сродкаў стрымання і бачная гарантыя бяспекі для нашых саюзнікаў на лініі фронту”.

Гэтыя словы прагучалі ў Літве, на аэрадроме ў Шаўляі, дзе ўжо ёсць амерыканскія вайсковыя самалёты.

ЮОЎЗАС ОЛЯКАС, МІНІСТР АБАРОНЫ ЛІТВЫ:
“Каб атрымаць максімум абароны, нам усё яшчэ трэба больш супрацы з нашымі партнёрамі, больш узаемадзеяння з вайскоўцамі НАТО. І нам таксама трэба павялічыць фінансаванне, каб набыць дадатковыя антытанкавыя ды супрацьпаветраныя тэхналогіі”.

Новыя самалёты Альянсу, магчыма, хутка з’явяцца і на вайсковай базе ў Эстоніі.

Масква, занепакоеная такою сур’ёзнаю рэакцыяй Захаду, патрабуе ад НАТО тлумачэнняў. Пры гэтым свае масавыя вучэнні ля Украіны Расея лічыць законнымі.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ:
“У адносінах між Расеяй і НАТО таксама дзеяць пэўныя правілы, у тым ліку Рымская дэкларацыя, а таксама асноватворны акт Савету Расея–НАТО, адпаведна якім не мусіць быць пастаяннай вайсковай дадатковай прысутнасці на тэрыторыі ўсходнееўрапейскіх дзяржаваў”.

Але калі ў Крамлі пастанавілі захапіць Крым, самыя парушылі ранейшае ключавое пагадненне – Будапешцкі мемарандум, паводле якога Расея таксама гарантавала тэрытарыяльную цэльнасць Украіны.

Таксама ў аднабаковым кірунку Масква разарвала пагадненне, падпісанае 5 гадоў таму. Дамова была такая – Расея дае Украіне нулявое мыта на газ як плату за базаванне Чарнаморскага флоту ў Крыме. А за базы ў акупаваным Крыме Крэмль плаціць не хоча і адкрывае новы фронт – газавы.

ДЗМІТРЫЙ МЯДЗВЕДЗЕЎ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР РАСЕІ:
“З улікам адпадзення міжнародна-прававых падставаў для існавання пагаднення і дэнансацыі самога пагаднення я таксама прымаю рашэнне пра адмену пастановы ўраду ад 30 красавіка 2010 года № 291”.

Яшчэ пазаўчора ранейшы кошт для Украіны – $ 268,5 за тыс. кубаметраў газу – Расея падняла прыкладна да $ 385,5. А сёння – яшчэ больш. Тысяча кубаметраў газу будзе цяпер каштаваць $ 485, гэта больш за сярэднееўрапейскі кошт. А калі Кіеў не заплоціць, Масква пагражае цалкам спыніць пастаўкі паліва ва Украіну.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў