Бел-чырвона-белы сцяг на матчах КХЛ – незаконны


Супрацоўнікі чэшскай паліцыі прызналі законным дзеянні праваахоўнікаў г. Прагі, якія забаранілі фанатам уздымаць бел-чырвона-белы сцяг падчас матчу пражскага «Льва» з менскім «Дынама», што адбыўся 28 лютага. Пра гэта БелаПАН паведаміў Аляксей Шыдлоўскі – беларускі апазіцыйны актывіст, які летась атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

«Я з сябрамі прыйшоў на гэты матч з нацыянальным беларускім сцягам падтрымаць «Дынама», – апавёў Шыдлоўскі. – У другім перыядзе падышлі ахоўнікі ды папрасілі прыбраць сцяг, бо гэта не адпавядае нейкім правілам. Аднак якім менавіта, растлумачыць не здолелі. Падчас трэцяга перыяду яны паўтарылі свае патрабаванні, а затым, калі я адмовіўся іх выканаць, з ужываннем сілы выхапілі сцяг».

Пасля гэтага інцыдэнту Шыдлоўскі звярнуўся ў паліцыю Прагі. Днямі ён атрымаў афіцыйны адказ, у якім гаворыцца, што Шыдлоўскі парушыў некалькі пунктаў правілаў наведвання гульняў хакейнага клубу «Леў», таму ахоўныя службы дзейнічалі на законных падставах.

«У прыватнай размове мне сказалі, што нейкі прадстаўнік расейскіх спонсараў запатрабаваў забраць у мяне сцяг», – дадаў Аляксей Шыдлоўскі.

ЮВ паводле БелаПАН

Стужка навінаў