Палітолаг ці псіхіятр? Каму выпадае аналізаваць расейска-беларускія стасункі?


Цяжка сказаць, беларуска-расейскія адносіны – гэта міжнародная палітыка ці, хутчэй, сварка ў сямейцы шызафрэнікаў.

Уяві сабе, чытач. Ты «сапраўдны мужык», і ніхто не можа на цябе наехаць.
Маеш сястру: троху бедная, і часам трэба дапамагаць ёй капейчынаю. А яна, сука, запрашае ў дом твайго лютага ворага – агрэсіўнага тыпа, якому нядаўна давялося набіць морду, – і кажа, што ён ёй як брат. Ну, сапраўды, ты нядаўна ўваліўся да тыпа ў кватэру, а толькі пасля набіў яму морду, але гэта ўжо іншая гісторыя – ён заслужыў. Пазней сястра арганізуе яшчэ сямейную сустрэчу для ўмацавання сямейных сувязяў. І на той сустрэчы паміж гарэлкай і закускамі яна заяўляе, што і далей будзе карыфаніць з лютым ворагам, а ў дадатак дапамагаць абараняцца ад цябе – ейнага роднага брата. Добрая сям’я.

А цяпер давайце вернемся да фактаў. Расея далучае Крым. Тады прэзідэнт Беларусі «запрашае» на сваю тэрыторыю эскадру расейскіх штурмавых самалётаў, якія размяшчаюцца на мяжы з Украінаю. Мяркуючы з ягонага энтузіязму, можна западозрыць, што ён не столькі запрашаў, колькі расейскія войскі проста ўбіліся без запрашэння на беларускія аэрадромы. Праз некалькі дзён Лукашэнка запрашае ў сваю рэзідэнцыю ў непасрэднай блізкасці ад гэтых расейскіх самалётаў выканальніка абавязкаў прэзідэнта Украіны ды заяўляе, што калі будзе атакаваць Украіну, то толькі на трактары, каб дапамагчы ў вясновым узворванні. І вось пад носам раз’юшаных расейскіх пілотаў брацкую беларускую зямлю топча бот «бандэраўца», бандыта і фашыста. Праз некалькі дзён у Беларусь прыязджае расейскі намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Рагозін, спецыяліст у справах баявых ракетаў, які заяўляе, што будзе супрацоўнічаць з Беларуссю ў галіне абароннай прамысловасці. Выдатна. «Супраца» – самае любімае слова, якое выкарыстоўваецца ў гэтай сям’і. Праз некалькі дзён прыходзіць 2 красавіка – Дзень яднання Беларусі і Расеі, бо так шмат гадоў абедзве краіны яднаюцца і ўсё ніяк не могуць аб’яднацца. Свята неяк занадта шумнае: Менскія ўлады паскарнічаліся нават на расейскі сцяг, вывесіўшы на вулічных слупах анучы трох колераў, якія нагадваюць расейскі сцяг. І ў той дзень беларускі прэзідэнт заяўляе: «Украіну сёння фактычна развалілі (цікава, хто: ці гэта часам не прэтэнзія да занадта запальчывага старэйшага брата?). А там усё ж такі «абаронка» прыстойная – у тым ліку і ваш інтарэс. Давайце ўсё ж паспрабуем з украінцамі дамовіцца і разам папрацаваць – заяўляе перад працаўнікамі беларускай абароннай прамысловасці.

Так, «папрацаваць» над тым, каб Украіна мела лепшае абсталяванне ў выпадку, калі захочацца адбіцца ад старэйшага брата. Хіба няма лепшага падарунку на сямейнае свята.

Пытанне, ці для аналізу ўзаемасувязяў выклікаць палітолага, спецыяліста ў міжнародных справах, або ж лепш ісці да клінічнага псіхіятра.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары