Арыштавалі 12 беркутаўцаў з «чорнай роты»


Спецназаўцы ў чорнай форме з жоўтымі павязкамі ды са зброяй хавалі свае твары, аднак ужо 12 з іх арыштаваныя. Іх падазраюць у тым, што яны стралялі ў дэманстрантаў на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве.

{movie}Узброены “Беркут”|right|15670{/movie}

Загады беркутаўцам на забойства мірных пратэстоўцаў у цэнтры Кіева аддаваліся з Адміністрацыі прэзідэнта Віктара Януковіча. Пра гэта паведамляе ўкраінская Генеральная пракуратура.

«Галоўным следчым упраўленнем Генеральнай пракуратуры Украіны супольна са Службаю бяспекі ды Міністэрствам унутраных справаў праведзеныя аператыўна-вышуковыя дзеянні ў крымінальным расследаванні фактаў масавага забойства людзей у цэнтры сталіцы 20 лютага 2014 года, і затрыманыя некаторыя працаўнікі спецыяльнай роты кіеўскага спецпадраздзялення «Беркут», – гаворыцца ў паведамленні.

Генпракуратура таксама паведаміла пра затрыманне некалькіх працаўнікоў «Беркута», у тым ліку камандзіра асобнага атраду, падначаленыя якога ўжывалі агнястрэльную зброю на паражэнне.

{movie}Ахвяры снайпераў |right|15669{/movie}

Правяраецца інфармацыя аб магчымым прыцягненні ды дачыненні да расстрэлу на Майдане байцоў іншых украінскіх спецпадраздзяленняў сілавых структураў, сярод іншага байцоў «Альфы», якія ўваходзяць у склад Савету бяспекі Украіны.

Януковіч: Я не загадваў страляць

Між тым Віктар Януковіч працягвае адмаўляць сваю датычнасць да забойстваў дэманстрантаў. 2 красавіка ў інтэрв’ю «Associated Press» ён чарговы раз заявіў, што «ніколі не даваў ніякіх указанняў страляць, і зброя ніколі не выдавалася тым спецпадраздзяленням, якія ўдзельнічалі ў абароне дзяржустановаў». «Ніякая ўлада не вартая і кроплі крыві. У мяне рука не падымалася», – заявіў адхілены ад улады прэзідэнт Украіны.

На пытанне, хто ж тады даваў снайперам загад страляць у людзей, Януковіч адказаў, што страляніна ішла ў той час, калі ён вёў трохбаковыя перамовы, прычым вялася з будынкаў, якія кантраляваліся апазіцыяй.

Падчас сутыкненняў у Кіеве прыхільнікаў апазіцыі ды працаўнікоў спецпадраздзяленняў загінулі больш як 100 чалавек, некаторыя памерлі ўжо ў шпіталях. Сярод загінулых – беларус Міхаіл Жызнеўскі, які быў актывістам украінскай арганізацыі УНА-УНСО. Ён загінуў 22 студзеня падчас супрацьстаяння з праваахоўнымі органамі на вуліцы Грушэўскага. Украінскія ўлады абяцаюць надаць Жызнеўскаму званне «Герой Украіны».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў