Замест сцягоў – каляровая тканіна (фотафакт)


Пасля адмовы ад Дажынак назіраецца чарговая рэдукцыя коштаў на адным з важнейшых святаў нацыянальнага каляндара. Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі сёлета прайшоў на фоне сурагатаў класічнай атрыбутыкі.

Мінскія ўлады вырашылі ашчадзіць на расійскіх трыкалорах і беларускіх дзяржаўных сцягах, якія традыцыйна выстаўляюцца уздоўж праспекта Незалежнасці штогод 2 красавіка. Кошт аднаго сцяга памерам 73×155 см складае 189 000 рублёў. У мільён рублеў выліваецца толькі пяць сцягоў, а каб упрыгожыць праспект, патрэбна некалькі дзесяткаў.

Замест сцягоў слупы і асвятляльныя мачты цэнтральнай аўтамабільнай артэрыі сталіцы ўпрыгожылі простымі каляровымі кавалкамі тканіны, падабранымі такім чынам, каб выклікаць асацыяцыі з сімваламі абедзвюх краін. Магчымай прычынай адмовы ад класічных сцягоў можа быць жаданне не спакушаць злодзеяў: на фоне крымскага канфлікту хто-небудзь можа з расійскім сцягам што-небудзь зрабіць.

Нагадаем, што падставай свята стала падпісанне 2 красавіка 1996 года дамовы аб стварэнні таварыства Беларусі і Расіі. Праз год, у гэты самы дзень была падпісаная дамова аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў