Танны газ супраць расейскіх танкаў – Захад будзе біць Маскву па гаманцы


Расейскія войскі дагэтуль застаюцца ў небяспечнай блізкасці ад Украіны – паведамляюць украінскія памежнікі. Аб рэальнай пагрозе ваеннай агрэсіі з боку расейцаў папярэджваюць і ў блоку НАТО. Аднак Захад знайшоў магчымасці супрацьстаяць Крамлю пакуль што мірным шляхам.



Расея рыхтуецца правесці хвалю правакацыяў у паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Украіны на пачатку траўня, паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Андрэй Парубій. Ранейшая спецаперацыя пад назваю “Расейская вясна”, якую Масква хацела правесці ў васьмі рэгіёнах Украіны, сарваная, але небяспека паўтарэння крымскага сцэнару застаецца. Кіеў не прызнаў і не прызнае анексіі Крыму і будзе судзіцца з Расеяй у міжнародных судах. А пакуль што Украіна дамаўляецца аб міжнародным падтрыманні. Мірным.

{movie}Танны газ супраць расейскіх танкаў|right|15664{/movie}

АНДРЭЙ ДЭШЧЫЦА, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ УКРАІНЫ:

“Не трэба больш зброі. Ва Украіне дастаткова зброі. Ёсць шэраг тэхнічнага абсталявання, што патрэбнае ўзброеным сілам Украіны, Нацыянальнай гвардыі і, магчыма, украінскім памежнікам”.

Злучаныя Штаты будуць дапамагаць не толькі Украіне, але і ўсёй Еўропе, эканамічна. Ужо ў наступным годзе ЗША пачне буйны экспарт звадкаванага газу еўрапейскім спажыўцам. Вашынгтон наўпрост кажа, што так будзе біць па расейскім манапалісту “Газпроме” і забяспечыць энергетычную незалежнасць Украіны.

ДЖОН КЕРЫ, ДЗЯРЖАЎНЫ САКРАТАР ЗША:

“Мы плячо ў плячо працуем, каб дапамагчы Украіне браць прыродны газ з Польшчы і Вугоршчыны, і развіваем трубаправод праз Славаччыну”.

ЗША выдадуць Украіне пакет эканамічнай дапамогі – 1 мільярд долараў, а супраць расейцаў, адказных за захоп Крыму, увядуць адрасныя візавыя і эканамічныя санкцыі. Адпаведнае рашэнне прыняў Кангрэс ЗША. Вашынгтон спыняе шэраг амерыканска-расейскіх праектаў па лініі праваахоўных органаў, а фінансаванне гэтых праектаў пойдзе на дапамогу Кіеву. Напярэдадні спыніць супрацу з Расеяй вырашыў блок НАТО. Масква не задаволеная, але спадзяецца, што гэта ненадоўга.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭВІЧ, МІНІСТЭРСТВА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ:

“Няцяжка сабе ўявіць, хто выйграе сёння ад згортвання супольнай працы Расеі і НАТО для супрацьдзеяння сучасным пагрозам і выклікам міжнароднай і еўрапейскай бяспецы, сярод іншага, у такіх сферах, як барацьба з тэрарызмам, пірацтвам, прыроднымі ды тэхнагеннымі катастрофамі. У любым выпадку, гэта будуць дакладна не Расея і не краіны – чальцы НАТО”.



Пакуль што цярпяць свежаспечаныя грамадзяне Расеі ў Крыме. Еўразвяз забараніў палёты грамадзянскай авіяцыі ў аэрапорты Севастопалю і Сімферопалю, бо паветраная навігацыя ў крымскім рэгіёне мусіць кіравацца ўкраінскімі партнёрамі. Рэйсы ў Крым адмяніла, між іншага, і нашая кампанія – “Белавія”.

Але нават пад ціскам Захаду Крэмль не адмаўляецца ад планаў падзелу Украіны паводле моўнай прыкметы. Кіеў просіць Маскву менш пераймацца за ўкраінцаў ва Украіне і падумаць аб правах і свабодах грамадзянаў Расеі. У тым ліку ўкраінскай нацыянальнасці.

АРСЕНІЙ ЯЦЭНЮК, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР УКРАІНЫ:

“Украінскамоўная супольнасць – найбольшая на тэрыторыі Расеі. І будзе абсалютна натуральна, калі ўкраінская мова будзе другою дзяржаўнаю моваю ў Расеі. Прынамсі, калі будзе мець адмысловы статус”.



Калі кіравацца расейскай логікаю адносна Украіны, то ў Расеі трэба ўвесці 50 дзяржаўных моваў, лічыць украінскае Міністэрства замежных справаў. Як кажуць дыпламаты, такі крок дазволіў бы Расеі наблізіцца да цывілізаваных узораў дэмакратыі, правоў чалавека і павагі да нацменшасцяў.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў