Януковіч: У анексіі Крыму вінаватая новая нелегітымная ўлада, а не Расея


Былы прэзідэнт Украіны даў першае інтэрв’ю пасля адхілення ад улады. З журналістамі «Associated Press» ён падзяліўся сваймі поглядамі на сітуацыю ва Украіне.

Былы кіраўнік Украіны бачыць небяспеку ў травеньскіх выбарах прэзідэнта. Ён заявіў, што выбары – нелегітымныя, дэстабілізуюць сітуацыю ды прывядуць толькі да расколу грамадства і дзяржавы.

Януковіч пацвердзіў і тое, што сам прасіў Пуціна ўвесці расейскія войскі для абароны ўкраінскіх грамадзянаў. Аднак падкрэсліў, што «палітыка не вартая ні адной кроплі крыві».

Паводле Януковіча, ён павінен быў спыніць разгул «узброеных радыкалаў», «бандытаў» і «нацыяналістаў», якія маюць «фашысцкія карані», яшчэ раней. «Апазіцыя першая адкрыла агонь, я не даваў ніводнага загаду аб ўжыванні зброі», – сказаў экс-кіраўнік Украіны журналістам.

Таксама зрынуты прэзідэнт пракаментаваў анексію Крыму Расеяй. Паводле Януковіча, аддзяленне паўвостраву здарылася праз нязгоду мясцовых жыхароў падпарадкоўвацца палітыцы новай улады. Віна за трагедыю ляжыць на цяперашняй уладзе, а ён і Расея «ні пры чым».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў