Голас XIX стагоддзя – у тваіх навушніках (Аўдыё)


Плошча св. Пятра. Ватыкан. ХІХ ст. Фота rome-roma.net  Плошча св. Пятра. Ватыкан. ХІХ ст. Фота rome-roma.net Ватыканскае радыё стварыла лічбавы архіў, у якім можна паслухаць прамовы пантыфікаў, пачынаючы з ХІХ ст.

У калекцыі «Галасы Папаў» («La voce dei Papi») – 8 тыс. запісаў з архіваў радыё «Ватыкан». Адзін з запісаў датуецца 1884 годам. Гэта выступ тагачаснага Папы Рымскага Льва ХІІІ. Радыё выходзіць у эфір з 1931 года, а стварыць яго вырашыў Пій ХІ.

Самыя цікавыя ў калекцыі – прамовы пантыфікаў з нагоды важных гістарычных падзеяў. Напрыклад, напярэдадні Другой сусветнай вайны, у жніўні 1939 года, Пій ХІІ сказаў: «Пагроза навісае, але час яшчэ ёсць. Нічога не страціш ад міру, але ад вайны страціш усё».

Увайшла ў гісторыю і прамова Яна ХХІІІ у дні Карыбскага крызісу 1962 года. У ёй прагучалі такія словы: «Калі вернецеся дадому, знайдзіце сваіх дзяцей. Абдыміце і пацалуйце сваіх дзяцей і скажыце ім: гэта абдымкі і пацалунак Папы Рымскага». У 1993 годзе Ян Павел ІІ абрынуўся з эмацыйнаю крытыкай на адрас мафіі, якая практыкавала «культуру смерці».


Фрагменты прамоваў з калекцыі «Галасы Папаў» («La voce dei Papi»). Матэрыял Corriere TV

Стваральнік радыё «Ватыкан» Пій ХІ. Фота wikipedia.orgСтваральнік радыё «Ватыкан» Пій ХІ. Фота wikipedia.orgАдзін з нядаўніх набыткаў архіву – развітальны выступ Бэнэдыкта ХVI, падчас якога Папа сказаў, што будзе «простым вандроўнікам, які ступае на апошні адцінак свайго зямнога шляху».

Стварэнне лічбавага архіву – чарговы этап рыхтавання да прызначанай на 27 красавіка кананізацыі двух пантыфікаў: Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. Расейская служба «Бі-Бі-Сі» паведаміла, што аўдыёзапісы ўжо даступныя ў інтэрнэце, аднак ні кіраўнік беларускай службы радыё «Ватыкан» кс. Аляксандр Амяльчэня, ні адказны за алічбоўку Франчэска Алівіеры гэтай інфармацыі «Белсату» не пацвердзілі. Апрацаванне аўдыё яшчэ не завершана, і стварэнне інтэрнэт-архіву пакуль толькі ў планах.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары