Sp Kava прыдумаў непаўторны беларускі рэп з флейтаю ды дудою


Sp Kava рэпрэзентуе зусім іншы беларускі рэп. Насуперак стэрэатыпам, ягоная творчасць не палітызаваная і не вострасацыяльная, хоць усе трэкі – выключна беларускамоўныя.

{movie}Sp Kava прыдумаў непаўторны беларускі рэп з флейтаю ды дудою |right|15638{/movie}

На рэпетыцыйнай пляцоўцы, што месціцца ў сутарэннях канцэртавай залы «Менск», рэпер разам з дударом Вячкам Красуліным працуе над новымі песнямі.

Сам SP Kava распавядае: «Я, напэўна, вельмі доўга быў у стане пошукаў, бо карцела зрабіць насамрэч штосьці непадобнае да таго, што я слухаю і што я чуў. У сваёй творчасці я не спрабую данесці нейкую пэўную пазіцыю, я спрабую данесці свае перажыванні».

SP Kava ўваходзіў у рэп-фармацыю «PanaNieba», прызнаную дэбютам года на беларускай незалежнай сцэне ў 2010-м. Апошнія два гады працуе сольна. І ўжо знайшоў свой уласны стыль – лірычны беларускамоўны рэп пры ўдзеле гітары ды дуды.

«Мала таго, што гучыць беларуская мова, – гэта ўжо даволі стандартна для большасці андэграўндных гуртоў. Упершыню ў беларускім рэпе з’явіліся этнічныя інструменты кшталту дуды і флейты – гэта сапраўды нешта наватарскае і ў гэтым кірунку авангарднае», – падкрэслівае дудар Вячка Красулін.

Летась Sp Kava выдаў міні-альбом, а сёлета абяцае парадаваць паўнавартаснаю праграмай, якая мае давесці адметнасць беларускай рэп-музыкі.

Іншыя тэмы: «Tuzin.Fm» абвесціў конкурс «Заспявай.By» і цягам месяца чакае ад маладых музыкаў арыгінальных кампазіцыяў на вершы сучасных паэтаў. Рэпер «Zenon» выклаў у сеціва песню на беларускай ды ўкраінскай мове дзеля падтрымання Украіны. У Бабруйску прэзентуюць беларуска-расейскі моладзевы фільм «Бабруйск–Дакар», фінансаваны Міністэрствам культуры Беларусі.

Сяргей Будкін, Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

https://youtu.be/rfxenKrnFbs

Глядзі таксама
Каментары