Таямніца забойства Веранікі Чаркасавай – у фільме «Белсату»


Вераніка Чаркасава. Фота novayagazeta.ruВераніка Чаркасава. Фота novayagazeta.ru10 гадоў таму (у 2004 г.), забілі журналістку Вераніку Чаркасаву, якая публікавалася ў незалежнай беларускай газеце «Салідарнасць» ды расейскіх часопісах «Новое время», «Огонёк». Злачынцаў не знайшлі да сёння. Звесткі, сабраныя падчас следства, засакрэцілі. Леанід Міндлін, аўтар фільму, даследаваў падзеі і прапаноўвае вам шэраг фактаў, якія паказваюць магчымы матыў забойства журналісткі.

«У справе Веранікі ёсць мала вядомы іракскі след, і мы мяркуем, што следства ім не займалася, – кажа рэжысёр Леанід Міндлін. – Але доступу да гэтай справы няма ніякага. Таму дакладна ведалі пра гэтую справу толькі Вераніка, следства і ейны забойца. У нашых умовах праводзіць журналісцкае расследаванне проста немагчыма – няма доступу да крыніцы інфармацыі. Таму ў фільме мы толькі прапаноўваем пэўныя факты ды аскепкі размоваў, а глядач ужо сам вызначыць, да якой версіі ён схіляецца».

Фільм-даследаванне «Таямніца следства. P.S.» глядзіце ў суботу, а 21:15, праз спадарожнік і ў онлайн-трансляцыі.

{movie}Таямніца следства. P.S. Трэйлер |right|15632{/movie}

Афіцыйная версія следства – бытавое злачынства. Аднак забойцы не знайшлі. У фільме паказваецца гістарычны кантэкст, які неабходна зразумець, каб разабрацца ў трагедыі, што здарылася з журналісткаю.

«У фільме выкарыстоўваюцца здымкі, якія раней не публікаваліся. Напрыклад, відэа, зробленае ў кватэры Веранікі на наступны дзень пасля забойства, – 21 кастрычніка 2004 года. Таксама невядомыя беларускаму гледачу архіўныя кадры і Беларусі, і Іраку, якія тлумачаць кантэкст справы», – распавядае Леанід Міндлін.

Забойства адбылося па рэферэндуме, у выніку якога змянілі заканадаўства, што абмяжоўвала магчымасць адной асобе займаць пасаду прэзідэнта больш як двойчы. У цэнтры Менску адбываліся пратэсты. Палітычная драма сталася фонам трагічнага лёсу Веранікі Чаркасавай. Сярод іншага, таму ейная смерць атрымала вялікі міжнародны рэзананс. Рэхам была рэакцыя кіраўніка дзяржавы, які загадаў знайсці забойцаў цягам пяці дзён.

У стужцы ўзялі ўдзел журналісты Сяргей Сацук і Аляксандр Старыкевіч, якія займаліся справаю забітае журналісткі, а таксама маці Веранікі Чаркасавай і ейны айчым, якога падчас следства нават арыштавалі як падазраванага.

Пасля прэм’еры стужку можна будзе глядзець і пампаваць у «Фільматэцы «Белсату».

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў