Жыхарка крымскага Судаку: «Апускаюцца рукі…»


Анексія Крымскага паўвостраву завершаная. У міжнародных палітычных колах не сціхаюць спрэчкі вакол крымскага пытання. Тым часам жыхары новаспечанага суб’екту федэрацыі прызвычайваюцца да жыцця ў іншай краіне.

З Крыму прыходзяць паведамленні аб перабоях з электрычнасцю. Нягледзячы на абяцанні з Масквы, узровень пенсіяў застаецца ранейшы. Каб высветліць, з чым сутыкнуліся крымчане, прачнуўшыся ў Расеі, belsat.eu пагутарыў з жыхаркаю Судаку Эльвіраю.

Расейскі блокпост з’явіўся ў Кізілташы пад Судаком месяц таму. Фота: sudak.proРасейскі блокпост з’явіўся ў Кізілташы пад Судаком месяц таму. Фота: sudak.proПенсія панізілася

– Эльвіра, ці заўважныя перабоі з пастаўкаю тавараў, з выплатамі?

– Па выплату пенсіяў у банку стаяць чэргі. Людзі яшчэ не прызвычаіліся да рублёў. У абарачэнні абедзве валюты: дзесьці рублі, дзесьці грыўні. З таварамі пэўныя перабоі. Сябру ў Керчы спатрэбіўся мех шпаклёўкі, аб’ездзіў увесь горад і не здолеў знайсці. У нас у Судаку пакуль нястачы тавару няма.

– А што з электрычнасцю, з водазабеспячэннем?

– Святло ўжо пачалі адключаць у пэўных мясцовасцях. Не ведаем, што будзе з вадою ўлетку. Вада ў нас дняпроўская, таму мы вельмі залежым ад Украіны.

– Ці павышаюць расейскія ўлады сацыяльныя выплаты, як абяцалі?

– Калі Крым адышоў – я, напрыклад, была ў шоку. Хтосьці быў у эйфарыі, у захапленні, яны наагул не разумелі, што адбываецца. Бо было столькі абяцанняў. Абяцалі пенсію павысіць удвая – і ў людзей вочы загарэліся. Цяпер выдалі курс грыўні да рубля – ён не адпаведны. Пенсіянерам не дадаюць 200 грыўняў. Сказалі, што пенсіі застануцца на такім узроўні да канца года. І ў гэтым падманулі.

«97 % – гэта нерэальна»

{movie}Украінскі герб ужо зняты з будынку гарадской рады|right|15630{/movie}

– Як у Судаку праходзіў рэферэндум? Вы належыце да крымскіх татараў, якія рэферэндум байкатавалі. Ці вы асабіста бралі ўдзел?

– Мы не хадзілі, бо адразу вынік быў прадказальны. Улічваючы, як гэта ўсё праводзілася, з удзелам узброеных “зялёных чалавечкаў” зніадкуль. Хоць было зразумела, адкуль яны. Незалежных назіральнікаў не пускалі.

– А як да рэферэндуму паставіліся іншыя жыхары Судаку, не татары?

– Пайшлі адзінкі, большасць праігнаравала. Нашыя знаёмыя з раёну, дзе ёсць вайсковая частка, распавялі, што там галасавалі расейскія салдаты. Гэта адна назва, а не рэферэндум. Бачылі відэа з аповедам грамадзянкі Расеі, якую дапусцілі да галасавання? 97 % за далучэнне да Расеі – гэта нерэальна, і нават блізка не адпавядае рэчаіснасці. Мая суседка, украінка, таксама не галасавала. Добра, кажа, вас, татараў, 14 %, але нас жа больш. Шмат хто быў у ад’ездзе, гэта таксама трэба ўлічваць. Магчыма, і сапраўды больш за палову выказаліся б за Расею. Але як гэта рабілася? Калі Вярхоўную Раду Крыму ўзялі ўзброеныя людзі, калі яшчэ да рэферэндуму абвесцілі, што Крым – частка Расейскай Федэрацыі, пра што можна гаварыць?

Спадзеў вярнуцца ва Украіну

– Ці ідуць у вас украінскія тэлеканалы?

– Усе адключылі, нават мясцовую Чарнаморскую тэлерадыёкампанію. Засталася адна прапаганда на расейскіх каналах. Мы глядзім навіны ў інтэрнэце. Нехта – са спадарожнікаў. А астатнія? Яны наагул не ведаюць праўды.

– Вы працуеце ў сферы турызму. Рыхтуецеся да спаду плыні турыстаў?

– Так, бо пакуль усё прыйдзе да ладу… Шмат каго спужае перспектыва ехаць у непрызнаную рэспубліку. Да нас збольшага прыязджалі ўкраінцы. Наступныя ішлі беларусы, расейцы, былі немцы, палякі, туркі. Вядома, мы чакаем пагаршэння. Нават рукі апускаюцца.

– Вы спадзеяцеся вярнуцца ва Украіну?

– Не ведаю, як каму, але нам бы хацелася. Гэтак нам спакайней, стабільней. Ва Украіне ёсць дэмакратыя, кожны можа выказаць сваё меркаванне.

– Не чакаеце свабоды ў межах Расеі?

– Гэта ж відавочна. Паглядзіце расейскія каналы, як яны падаюць інфармацыю. Быццам мы вярнуліся ў савецкія часы. Пуцін дэманстратыўна ў зале з’ездаў абвесціў, што Крым ледзьве не аднагалосна перайшоў у Расею. Але ж гэта хлусня. Я проста не магу глядзець на гэта…

Гутарыла Настасся Яўмен, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары