Аляксандр Шпакоўскі: Масавая наркаманія пагражае нацыянальнай бяспецы Беларусі


Па Беларусі пракацілася серыя жудасных смерцяў: маладыя людзі раптам выходзілі ў вокны, як у дзверы, і выратаваць іх было ўжо немагчыма. Блізкія гавораць, што яны былі цудоўныя хлопцы і дзяўчаты, добра вучыліся, займаліся спортам і не мелі дрэнных звычак. Эксперты кажуць – наркотыкі. Што здарылася ў нашай краіне, чаму наркотыкі сталі такія даступныя, і чаму так шмат ахвяраў? Госць «Размовы Калінкінай» – Аляксандр Шпакоўскі, кіраўнік кампаніі «Антымак», якая шмат гадоў вядзе антынаркатычную кампанію.

«Тое, што цяпер адбываецца, гэта не проста бедства і вялікі рост. Для Беларусі гэта пагроза нацыянальнай бяспецы. Зрэшты, гэта актуальная праблема і для ўсяго свету. Паводле ААН, наркаманія ў адным шэрагу з такімі глабальнымі праблемамі, як тэрарызм і экалагічныя катастрофы», – гаворыць госць праграмы.

Аляксандр Шпакоўскі зазначае, што беларускае Міністэрства ўнутраных справаў урэшце распачало супрацу з грамадскімі аб’яднаннямі ды журналістамі. «Тыя суіцыдальныя выпадкі ў выніку перадазіроўкі – гэта звычайная прыкмета апошніх гадоў, як для Беларусі, гэтак і для суседніх краінаў. Але цяпер гэтую інфармацыю пачалі даваць журналістам, а яшчэ некалькі гадоў таму яна была закрытая. І дарма – гэта замінала прафілактычным захадам, якія можна было зрабіць яшчэ раней».

Пасля 2004 года сітуацыя з наркотыкамі ў Беларусі змянілася – зменшылася доля гераіну і метадону, затое ў Беларусь, пераважна праз мяжу з Расеяй, пад выглядам кандытарскага завозяць опіумны мак. У 2007 годзе з’яўляюцца першыя рэальныя спробы спыніць такі бізнес, але ў дзяржаўных органах знаходзяцца структуры і чыноўнікі, што спрабуюць заблакаваць «антымакавае заканадаўства».

«Але праблему наркаманіі немагчыма вырашыць загадамі ды дэкрэтамі. Яе нават нельга вырашыць наяўнасцю самага моцнага ў свеце рэпрэсіўнага апарату. Праблема наркаманіі – гэта праблема соцыуму, праблема духоўнасці, праблема выхавання грамадства», – падкрэслівае госць праграмы.

Глядзіце больш – у «Размове Калінкінай».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў