Дзмітрый Мядзведзеў упершыню завітаў на Крым у якасці гаспадара


Прэм’ер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў ачоліў у Сімферопалі нараду ў пытаннях сацяльна-эканамічнага развіцця не прызнанай міжнароднаю супольнасцю Рэспублікі Крым і гораду Севастопалю.

Акупаваны Расеяю Крым, які напярэдадні перайшоў на маскоўскі час, імкліва пераходзіць на маскоўскія парадкі. Услед за ўвядзеннем тут расейскага рубля Крэмль збіраецца стварыць у Крыме асаблівую эканамічную зону. Пры гэтым мясцовым жыхарам абяцаюць залатыя горы.

{movie} Крамлёўскія пернікі|right|15616{/movie}

ДЗМІТРЫЙ МЯДЗВЕДЗЕЎ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР РАСЕІ:

“Жыхары Крыму мусяць толькі выйграць ад далучэння да Расеі, і мы абавязаныя з вамі гэта забяспечыць. Таму першае, пра што хацеў бы паведаміць, – прынятае прынцыповае рашэнне аб давядзенні пенсіяў у Крыме да сярэднерасейскага ўзроўню за кошт адмысловай даплаты”.

Тое ж самае кіраўнік расейскага ўраду абяцае зрабіць і з заробкамі бюджэтнікаў. Пры гэтым ён запэўніў, што Расея працягне сплачваць і тыя дапамогі ды выплаты, якія крымчане мелі ад Кіева. Апрача таго, Мядзведзеў абяцае мадэрнізацыю медычных установаў, транспартнай сістэмы, будоўлю дарогаў і мастоў, пошук інвестараў. І гэта пры тым, што ў самой Расеі ў пералічаных сферах далёка не ўсё ідэальна.

ДЗМІТРЫЙ МЯДЗВЕДЗЕЎ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР РАСЕІ:

“Лічу слушным стварэнне адмысловага федэральнага органу выканаўчае ўлады для рашэння задачаў Крыму і Севастопалю. Такога, як мы маем у справах Далёкага Усходу. Прэзідэнт Расейскай Федэрацыі падтрымаў пазіцыю ўраду ў гэтым пытанні”.

Стварэнне адмысловага крымскага міністэрства ды і сам прыезд Дзмітрыя Мядзведзева на паўвостраве прынялі з энтузіязмам. Але мясцовыя жыхары задаюцца пытаннем: ці надоўга такая ўвага?

ЖЫХАРКА КРЫМУ:

“Простаму народу патрэбнае падтрыманне, гарантыя, што народ не падмануць так, як яны прызвычаіліся”.

Хто ж дасць такую гарантыю? Пакуль з прыходам расейцаў крымскія горы залатымі не сталі. Пачала знікаць электрычнасць, узляцелі кошты на харчы, а банкаматы апусцелі. Новыя парадкі адчулі на сабе і пасажыры: у сувязі з тым, што міжнародны статус сімферопальскага лётнішча цяпер няясны, турэцкія авіялініі адмянілі сюды палёты. Вядома ж, разрываюцца і сувязі з Кіевам. Сёння Дзярждума дэнансавала Харкаўскую дамову, паводле якой Украіна за арэнду базы Чарнаморскага флоту атрымлівала газ са зніжкаю. Цяпер, калі Масква лічыць Крым сваім, лічыцца з Украінаю яна не збіраецца. Афіцыйны Кіеў асудзіў гэткае рашэнне. Зрэшты, як і прылёт у Крым Дзмітрыя Мядзведзева.

ЯЎГЕН ПЭРЭБЫЙНІС, ПРЭС-САКРАТАР МЗС УКРАІНЫ:

“Міністэрства замежных справаў Украіны ў перададзенай сёння расейскаму боку ноце выказала пратэст, адзначыўшы, што перабыванне афіцыйнае асобы замежнай дзяржавы на тэрыторыі Украіны без адпаведнага ўзгаднення – грубае парушэнне існых нормаў міждзяржаўных дачыненняў”.

У Маскве ж тым часам працягваецца “крымская эйфарыя”.

ЖЫХАРЫ МАСКВЫ:

“Нашае кіраўніцтва паступіла слушна, зрабіўшы такі крок. Няхай Еўропа, Амерыка нас асуджаюць. Фактычна, гэта слушнае рашэнне, і гэта ўсе разумеюць”.

“Мы шчаслівыя, што Крым і Севастопаль нарэшце вярнуліся дадому, і бясконца ганарымся. Мы планавалі ехаць у Еўропу, а цяпер паедзем у Крым. Гэтым летам ужо плануем”.

Менавіта адсутнасці турыстаў баяцца сёння ў Крыме. Тураператары ўжо кажуць аб правале сезону, а гатэлі звольнілі да 80 % персаналу.

Прысутнасці ж, але зусім іншых гасцей баяцца ва Украіне. Аднак сёння Міністэрства абароны паведаміла пра скарачэнне колькасці расейскіх войскаў ля ўсходніх і паўночных межаў ажно ў чатыры разы. Адметна, што стабілізавацца сітуацыя пачала пасля названых журналістамі безвыніковымі перамоваў адносна ўкраінскага пытання кіраўніка Дзярждэпу ЗША Джона Керы і ягонага расейскага калегі Сяргея Лаўрова.

Што праўда, правакацыі і дыверсіі прарасейскіх сілаў на тэрыторыі Украіны працягваюцца. Дый не выключана, што і сам адвод часткі расейскіх войскаў ад мяжы можа быць манеўрам для адцягвання ўвагі. Пра пагрозу папярэджвае і выведка Злучаных Штатаў. У Пэнтагоне апасаюцца, што Масква не задаволіць свайго апетыту толькі захопленым Крымам. Адкуль, дарэчы, ужо налета маладзёнаў, якія ва Украіне не былі ваеннаабавязанымі, пачнуць прызываць у расейскае войска.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў