Ці кіраўніка сельсавету пакараюць за зламаны герб Пагоня?


Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч звярнуўся ва ўпраўленне Следчага камітэту па Менскай вобласці з просьбаю правесці правяранне і распачаць крымінальную справу ў дачыненні выканальніка абавязкаў старшыні Бобрскага сельсавету Уладзіміра Загорскага.

Нагодаю для звароту ў следчыя органы стаў інцыдэнт, які адбыўся 25 сакавіка на цэнтральнай плошчы Бабра, што ў Крупскім раёне. Цягам шматлікіх гадоў у гэты дзень, калі дэмакратычная грамадскасць Беларусі адзначае Дзень Волі, мясцовы мастак Алесь Пушкін на плошчы роднага селішча малюе карціну «Свабода».

Сёлета мастак, не парушыўшы традыцыі, працягнуў працу над карцінаю 25 сакавіка на ранейшым месцы. У нейкі момант да яго падышоў в.а. старшыні сельсавету Загорскі ды паспрабаваў выцягнуць карціну з плошчы. Прадстаўніку ўладаў гэтага не ўдалося, аднак ён паспеў сарваць прымацаваны да адваротнага боку карціннай рамы герб Пагоня і разламаў яго напалам. Пазней па вуліцы пусцілі трактар, які абдаў пылам выстаўленыя карціны. Усё адбылося на вачах журналістаў, якія пасля апублікавалі відэазапіс інцыдэнту ў інтэрнэце.

Відэа, як кіраўнік сельсавету ламае Пагоню:
{movie}Кіраўнік Бобрскага сельсавету ламае Пагоню|right|15613{/movie}
Астаповіч, які азнаёміўся з сітуацыяй, палічыў, што ў дзеяннях Загорскага ёсць прыкметы злачынства – апаганьванне гістарычна-культурнай каштоўнасці (ч. 1 арт. 346 КК), злоўжыванне ўладаю або службовымі паўнамоцтвамі (ч. 1 арт. 424 КК), перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 1 арт. 426 КК), ды звярнуўся ў абласное ўпраўленне Следчага камітэту з просьбаю правесці правяранне з наступным завядзеннем справы.

У сваім звароце ў Следчы камітэт Астаповіч адзначыў, што «герб Пагоня – гэта нематэрыяльная гістарычна-культурная каштоўнасць, якая занесеная ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў». Паводле закону, мясцовыя органы ўлады мусяць судзеяць захаванню і аднаўленню гістарычна-культурных каштоўнасцяў, заахвочваць грамадзянаў да ўдзелу ў ахове спадчыны і папулярызацыі каштоўнасцяў

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары