STARавіны: Продкі нашых універсітэтаў


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.




Большасць нашых сённяшніх універсітэтаў, размеркаваных у абласных гарадах, маюць сваіх папярэднікаў. У якіх пакутах яны паўставалі,каго прымалі ў тагачасныя навучальныя ўстановы ды што там выкладалі? Перыядычны друк стогадовай даўніны даў наступную інфармацыю.

У 1913 годзе ў Віленскай навучальнай акрузе, куды ўваходзіла ў гэты час уся Беларусь, было звыш 100 вышэйшых пачатковых вучэльняў. І адчыняліся новыя. Гэтак, напрыклад, у газеце «Наша ніва» (18.01.1913) паведамлялася, што дырэкцыя народных школ пастанавіла прасіць аб адкрыцці вышэйшых пачатковых школ у мястэчках Менскай губерні – Бярэзіне, Раманаве, Брагіне, Парычах, Любчы, Бродніцы, Клецку, Леніне, Міры, Асіповічах і Уздзе.

Настаўнікаў было недастаткова, хоць каля 50 асобаў выпускалі Віленскі ды Віцебскі (з 1910/1911 навучальнага года) настаўніцкія інстытуты. Міністэрства народнай адукацыі ўнесла ў Дзяржаўную думу праект аб стварэнні ў Віленскім інстытуце паралельных класаў (МВ, № 136, с. 5). Міністра народнай асветы Л.А. Каско наведала дэпутацыя з Віцебску ў складзе гарадскога галавы Літоўскага, чальца Дзяржаўнага Савету Афросімава і чальца Дзяржаўнай думы ад Віцебскай губерні. Хадайнічалі аб адкрыцці пры настаўніцкім інстытуце медыцынскага факультэту. Міністр адхіліў прапанову як несвоечасовую. (МВ, 10(23).04.1913).

У 1909 годзе на просьбу вучэбнага ведамства гарадская дума Магілёва прыняла рашэнне выдзеліць для настаўніцкага інстытуту з вышэйшаю пачатковаю вучэльняю надзел зямлі ды аказаць фінансавую дапамогу па 1000 руб. на год з гарадскіх сумаў на развіццё інстытуту цягам 10 гадоў з яго адкрыцця.

У 1912 годзе зямлю памерам 1500 кв. сажняў была выдзелілі. У 1913 годзе апякун Віленскай навучальнай акругі А.А. Астраумаў прасіў даць дадаткова 1000 кв. сажняў, бо патрэбны двор з садам для адпачынку студэнтаў, гімнастычны гарадок і пляц для вайсковых практыкаванняў (МВ, 1913, № 223, c. 3). Магілёўскі настаўніцкі інстытут адчынілі 1 ліпеня 1913 года на вул. Быхаўская ў доме Гартынскага (МВ, № 169, c. 3). На вучобу прымаліся маладыя людзі праваслаўнай веры ўсіх саслоўяў ад 16 да 25 гадоў, якія мелі званне настаўніка пачатковай вучэльні ды прапрацавалі не меней за 2 гады на пасадзе. Былі іспыты па наступных прадметах: закон божы, расейская мова, гісторыя расейскай славеснасці, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, гісторыя, геаграфія, фізіка і прыродазнаўства. Без экзаменаў пры наяўнасці месцаў прымаліся тыя, хто скончыў сярэднюю школу з паспяховым атэстатам пры добрых паводзінах (МВ, № 166, c. 3).

З дазволу Міністэрства адукацыі адчыніўся настаўніцкі інстытут у Менску. Гарадская дума 12 сакавіка 1913 года вырашыла выдзеліць 1500 кв. сажняў на Камароўцы ці Людамонце і субсідаваць інстытут першыя тры гады развіцця па 3 тыс. руб. на год (МВ, № 268, с. 3).

Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў