Журналістка «Белсату» перамагла ў конкурсе для журналістаў, што пішуць пра Беларусь


https://youtu.be/zA6eqFkt_AA
«Беларусь у фокусе» – пад такою назваю прайшоў міжнародны конкурс для журналістаў, якія пішуць пра Беларусь. Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў ужо трэці раз прайшло ў Варшаве. Сёлета сябрам журы давялося выбіраць шэсць найлепшых з амаль 70 артыкулаў.

Журналісты з Вялікай Брытаніі, Літвы, Іспаніі ды нават Злучаных Штатаў сабраліся сёння ў Варшаўскім клубе журналіста. Больш за паўсотню аўтараў з чатырнаццаці краінаў, а ўсіх іх аб’ядноўвае тое, што яны пішуць пра Беларусь.

Сёлета арганізатары конкурсу «Беларусь у фокусе» абралі пераможцаў асобна з дзвюх катэгорыяў – прафесійных журналістаў і пачаткоўцаў.

Зрэшты, у гэтай другой намінацыі сябры журы адзначылі сапраўды высокі ўзровень, як напрыклад, артыкул «Беларусь: жабракі пад забаронаю» беларускай журналісткі Кацярыны Барушкі-Пшыбыльскай, якая, між іншага, перамагла ў сваёй катэгорыі. Кацярына вядзе на «Белсаце» праграму «54 %».
{movie}Супрацоўніца «Белсату» перамагла ў конкурсе для журналістаў, што пішуць пра Беларусь |right|15608{/movie}
Сярод прафесійных журналістаў адзначылі аўтараў з трох краінаў – Беларусі, Літвы ды Іспаніі.

«Мяне зацікавіла, што пра Беларусь, у якой сёння выразная дыктатура, не так шмат артыкулаў і кніг. Я падумаў, што гэта магчымасць у нейкім сэнсе здзейсніць падарожжа ў часе ў Савецкі Саюз», – адзначыў лаўрэат конкурсу з Іспаніі Архэміна Бара.

«Трэба пісаць, адштурхоўваючыся ад таго, што людзі ведаюць пра Беларусь. А, у прынцыпе, што ведаюць? Што Беларусь – гэта дыктатура і Лукашэнка», – выказалася беларуская журналістка і літаратарка Марыйка Мартысевіч.

Акурат гэтую часта адзіную асацыяцыю, звязаную з нашаю краінаю, і намагаюцца змяніць арганізатары конкурсу. Мэта якога паказаць, што Беларусь – гэта не толькі «апошняя дыктатура Еўропы».

«Мы б хацелі, каб у свеце было больш разумення, што ж насамрэч адбываецца ў Беларусі. Бо мы ведаем, што калі будуць ведаць, то будзе больш салідарнасці. А яна нам патрэбная», – заўважыла Юлія Слуцкая з Бюро салідарнасці з Беларуссю.

І гэтыя мэты застаюцца нязменныя ўжо цягам трох гадоў. А вось сярод сёлетніх зменаў – правядзенне адмысловых семінараў, падчас якіх беларускія журналісты разам з замежнымі аўтарамі стварылі шэраг артыкулаў, як яны кажуць, пра Беларусь і для Беларусі.

Штогод аўтараў і артыкулаў больш – а гэта значыць, што расце не толькі папулярнасць конкурсу, але і зацікаўленасць нашаю краінаю ў замежных медыях. На жаль, найчасцей – гэта тэматыка, звязаная з палітычнаю сітуацыяй, парушэннямі правоў чалавека, свабоды слова.

Ганна Любакова, Варшава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары