Цэнтральны выбарчы камітэт завершыў рэгістрацыю кандыдатаў на прэзідэнты Украіны.
Пакуль з 24 прэтэндэнтаў афіцыйна атрымалі права браць удзел у перадвыбарчай гонцы 7 асобаў:
– Міхаіл Добкін (экс-губернатар Харкава, Партыя рэгіёнаў, пад хатнім арыштам);
– Сяргей Цігіпка (народны дэпутат, адзін з лідараў былой кіроўнай Партыі рэгіёнаў);
– Вадзім Рабіновіч (прэзідэнт Усеўкраінскага габрэйскага кангрэсу);
– Юрый Бойка (былы віцэ-прэм’ер Украіны);
– Рэнат Кузьмін (былы першы намеснік генпракурора Украіны, раней курыраваў крымінальную справу экс-прэм’ера Юліі Цімашэнкі);
– Валерый Канавалюк (дэпутат Вярхоўнай Рады, былы дарадца прэзідэнта Віктара Януковіча);
– Уладзімір Сарань (бізнесоўца, генеральны дырэктар прадпрыемства «Інтерагроекспорт», самавылучэнец).
Сярод зарэгістраваных кандыдатаў пакуль няма асноўных канкурэнтаў Пятра Парашэнкі і Юліі Цімашэнкі. Згодна з сацыяльнымі апытаннямі, менавіта дэпутат і бізнэсмэн Парашэнка карыстаецца найбольшым даверам і лідыруе ў прэзідэнцкай гонцы. Ён выступае замест лідара партыі «УДАР» Віталя Клічко, які адмовіўся ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах на карысць удзелу ў выбарах мэра Кіева.
Канчатковы спіс кандыдатаў у прэзідэнты будзе вядомы 4 красавіка. Сярод 17 прэтэндэнтаў, якіх пакуль не зарэгістравалі, – Алег Цягнібок («Свабода»), камуніст Пётр Сіманенка, Мікалай Маламуж (экс-кіраўнік службы вонкавай выведкі), актывісты Майдану Вольга Багамолец і Зоран Шкірак, вылучэнец «Інтэрнэт-партыі Украіны» Дарт Вэйдер ды інш.
Датэрміновыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца 25 траўня.
ДР, belsat.eu