«Краіна прыгожая, але палітычная сітуацыя не задавальняе»


Куды паехаць адпачываць? Сёлета гэтае пытанне хвалюе сотні тысячаў беларусаў, якія штогод летам ездзілі ў Крым. Праз нестабільную сітуацыю ва Украіне большасць беларускіх турыстаў шукае іншыя месцы адпачынку.

Алег Новікаў штогод ездзіць адпачываць у Крым. Ён і ягоныя сябры летні побыт на паўвыспе лічаць самай прымальнай магчымасцю адпачыць.

АЛЕГ НОВІКАЎ:
“Гэта выгадна, бо там прымальныя цэны. Там заўсёды горача, надвор’е стабільнае і дабра трымаецца”.

{movie}Дзе адпачыць?|right|15600{/movie}

Сёлета Алег будзе вымушаны пашукаць іншае месца адпачынку. Прычына – нестабільная сітуацыя ва Украіне. Таксама апытаныя намі беларусы прызнаюцца, што ехаць на Крым сёлета не наважацца.

АПЫТАННЕ:
“Я часта адпачываў ва Украіне, але сёлета хіба не атрымаецца. Пачакаем!”.
“Крым – гэта ж цяпер Расея. Я не ведаю…”.
“Краіна, вядома, прыгожая, але палітычная сітуацыя не задавальняе”.

Штогод крымскую паўвыспу наведваюць прыблізна чатырыста тысячаў беларускіх турыстаў. Беларусаў вабяць найперш кошты. Гэтак, на пачатку мінулага сезону ў некаторых прыватных пансіянатах кошт дзесяці содняў побыту складаў усяго $ 70. Сёлетнюю сітуацыю адмыслоўцы тлумачаць наступным чынам.

ВАЛЯНЦІН ЦЭХМАЙСТАР, РЭСПУБЛІКАНСКІ САЮЗ ТУРАРГАНІЗАЦЫЯЎ:
“Найбольшы неспакой у турыста выклікае нестабільная сітуацыя. Спачатку турыст глядзіць, наколькі бяспечная краіна, а толькі пасля ідуць кошты”.

А таму значная колькасць беларускіх турыстычных фірмаў яшчэ да пачатку сезону адпачынкаў падлічваюць страты. Калі летась некаторыя агенцыі ўжо ў лютым-сакавіку прадалі 30 % усіх тураў, то сёлета гэтая лічба ўтрая меншая. Найбольш папулярныя выезды аўтобусам праз тэрыторыю Украіны сёння даверам ужо не карыстаюцца.

АЛЕНА ФІНСКАЯ, ТУРАГЕНЦТВА «АЛЫЕ ПАРУСА»:
“З такім коштавым дыяпазонам, як былі аўтобусныя туры ў Крым, на сённяшні дзень альтэрнатывы няма”.

Падарожжа цягніком праз Украіну таксама не выклікае ўпэўненасці. Праезд у Крым з тэрыторыі Украіны абмежаваны прынятым новымі ўладамі законам, які прызнаў крымскую паўвыспу акупаванай тэрыторыяй. Застаецца магчымасць даляцець да Сімферопалю або ехаць у Крым удвая даўжэй праз тэрыторыю Расеі і Керчанскую пратоку. У адным і другім выпадку гэта як мінімум удвая вышэйшыя кошты.

ВАЛЯНЦІН ЦЭХМАЙСТАР, РЭСПУБЛІКАНСКІ САЮЗ ТУРАРГАНІЗАЦЫЯЎ:
“Каб адкруціць усё назад і стабілізаваць сітуацыю, неабходных час. Можа, да сярэдзіны сезону сітуацыя неяк выправіцца. А пакуль турысты шукаюць альтэрнатыўныя кірункі”.

Новыя ж улады Крыму пакуль наладжаныя станоўча. Як цвердзяць, гатовыя прымаць гасцей.

ІГАР КАТЛЯР, НАМ. МІНІСТРА ТУРЫЗМУ КРЫМУ:
“Вядома, праблемы вынікаюць з апошніх палітычных падзеяў. Аднак гэта не паўплывае на колькасць турыстаў, якую мы прымаем штогод у Крыме. А гэта прыблізна 6 млн чалавек”.

Але, паводле апошніх звестак, колькасць браняванняў у пансіянатах і гатэлях Крыму паменшылася на палову. Што датычыць беларусаў, не выключана, што альтэрнатыўнымі месцамі адпачынку для іх могуць стаць сёлета Балгарыя, Грэцыя ці прыбалтыйскія курорты. Але, вядома, паводле значна вышэйшых коштаў.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў