Рынак Старога гораду ў Варшаве віраваў ад людзей. На ўзвышэнні стракацела чырвань вопраткі ка́та, побач – крыжы ды біскупскія мітры. Раптам раздаліся крыкі ды енкі жанчыны. Гэтак галасіла некалі па сваім мужу жонка Казіміра Лышчынскага.
«Атэістаў дыскрымінуюць у Польшчы»
Зладзілі шэсце вуліцамі Варшавы ды паказ у межах Дзён атэізму польскія праціўнікі рэлігіі, агностыкі і рацыяналісты. Шмат хто з іх прыйшоў на акцыю з плакатамі, на якіх былі напісаныя імёны славутых атэістаў: Альфрэд Нобэль (Alfred Nobel), Джордж Орўэл (George Orwell), Станіслаў Лем (Stanisław Lem), Раман Паланскі (Roman Polański), Пол МакКартні (Paul McCartney), Брэд Піт (Brad Pitt) ды інш.
«Такія імпрэзы патрэбныя, – адзначыў у натоўпе адзін з гледачоў. – Атэістаў дыскрымінуюць у Польшчы, не даюць вольна выказваць сваіх думак (дамінуючая рэлігія ў краіне – каталіцтва). Імпрэзы такога тыпу – гэта іронія, гэта каталізатар, наколькі вольнымі мы можам сябе пачуваць у гэтай дзяржаве».
«Камуністы пазабівалі нашмат больш людзей»
«Камуністы пазабівалі нашмат больш людзей за рэлігію, шмат каго закатавалі ў савецкіх лагерах за тое, што яны верылі. Дагэтуль хрысціянаў пераследуюць у Кітаі. Навошта такія паказы?» – абуралася адна са старэйшых спадарыняў у натоўпе.
«У Беларусі Лышчынскі – герой. А Польшча што?»
Пасля тэатралізаванай дзеі прафесар філасофіі Ян Гартман (Jan Hartman), які ўвасобіўся ў ролю Казіміра Лышчынскага, раздаваў аўтографы ды фатаграфаваўся са сваймі прыхільнікамі. На пытанне, што ён чуў, калі яму, хай сабе і непраўдзіва адсякалі галаву, навукоўца адказаў: «Мне было жудасна».
Паводле акторкі, мэта акцыі – нагадаць палякам пра «пакутніка рэлігіі», пра якога ў гэтай краіне мала хто ведае. «У Беларусі Лышчынскі – герой. У ягоны гонар нават маркі выпусцілі, а ў Польшчы што?» – пытала кабета.
Відэа з маршу атэістаў у Варшаве:
За Лышчынскага заступіўся толькі адзін чалавек
У 1688 годзе Лышчынскі запатрабаваў вяртанне доўгу 100 тыс. талераў ад свайго суседа Яна Казіміра Бжоскага. Сусед, каб не аддаваць пазыкі, выкраў з дому Лышчыцкага рукапіс трактату «Аб неіснаванні Бога» ды звінаваціў яго ў атэізме. Улады змясцілі ўладара Лышчыцаў у Варшаўскую турму. Супраць зняволення шляхціца выступіў толькі берасцейскі земскі пісар, які казаў, што прыцягваць да адказу чалавека за злачынства, якое не было даказанае, супярэчыць праву свабоды. Ён абвінаваціў таксама духавенства ў тым, што яно хоча ўвесці інквізіцыю.
Хоць Лышчынскі пакаяўся ў ерасі і даводзіў, што ў наступнай частцы трактату меў пісаць абвяржэнне доказаў неіснавання Бога, суд прызнаў, што ён зрабіў гэта няшчыра.
30 сакавіка палескі шляхціц на варшаўскім рынку спаліў свой рукапіс, пасля чаго яму вырвалі язык, адсеклі руку, а потым – галаву. Труп вывезлі за горад, дзе спалілі. Попел змясцілі ў снарад і выстралілі гарматаю ў бок Турэччыны.
Вырак Лышчыцкаму тагачасны Папа Рымскі Інакенцій XI назваў занадта суровым.
Віктар Шукеловіч, belsat.eu