Крута круціцца на галаве і пры гэтым зрываць з сябе порткі


Удзень – звычайны інжынер-праектант, а ўначы – стрыптызёр Анатоль Маісееў распавядае пра мастацтва эратычнага танцу.

Анатоль Маісееў стаў героем праграмы «Рэпартэр», якая выходзіць на «Белсаце» шточацвер а 20:30. Паглядзець яе можна ў анлайн-трансляцыі на нашай старонцы або ў раздзеле «Нашыя праграмы».

{movie}Прафесія – стрыптызёр|right|15596{/movie}

Як прызнаецца герой, нягледзячы на прафесію інжынера, яго заўсёды прыцягвала мастацтва і танец. У прафесію стрыптызёра ён прыйшоў выпадкова: «З дзяцінства я пачуваўся творчым чалавекам, у восьмым класе пайшоў танцаваць брэйк-данс. Калі я пераехаў у Менск, мы з сябрамі зайшлі ў адзін мясцовы рэстаран, дзе хлопец танцаваў стрыптыз. І мяне гэта вельмі ўразіла».

Аднак для Анатоля стрыптыз не проста мастацтва спакушэння: «Стрыптыз падразумявае, што ты мусіш спакушаць чалавека, але мне не проста хацелася б спакушаць. Мне б хацелася стрыптыз паставіць на ўзровень балету і прафесійных танцаў. Каб чалавек бачыў прыгажосць цела».

Галоўнае для сапраўднага стрыптызёра – жорсткая дысцыпліна, выгляд, дыета і колер скуры, кажа Анатоль. «Здараецца, што дзяўчаты прапаноўваюць застацца з імі, але я разумею, што гэта недарэчы. На інтымныя адносіны я б не пагадзіўся, бо гэта ўсё ж такі імідж. Я ўжо даўно ў сур’ёзных стасунках, і мая дзяўчына прысутнічае на большасці маіх выступаў».

Аднак бываюць і нечаканасці, дадае герой сюжэту: «Часамі жанчыны паводзяцца гэтак, што я не ведаю, што з імі рабіць. Адна можа зрываць адзенне, другая паліваць шампанскім, бо наглядзелася фільмаў і думае, што гэта прыгожа ды так мае быць».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў