Клічко афіцыйна заявіў, што падтрымае Парашэнку і не пойдзе на прэзідэнта


Неафіцыйная інфармацыя пра тое, што лідар партыі «УДАР» Віталій Клічко і алігарх Пятро Парашэнка дамовіліся, што першы з іх пойдзе ў мэры Кіева, а другі – на пасаду кіраўніка Украіны, з’явілася некалькі дзён таму.

Афіцыйную заяву пра падтрыманне кандыдатуры нефракцыйнага народнага дэпутата Пятра Парашэнкі Клічко зрабіў сёння ў Кіеве на з’ездзе сваёй партыі. Ён назваў алігарха кандыдатам, які мае найбольшыя шанцы на перамогу.

Паводле вынікаў апытанняў, праведзеных чатырма сацыялагічнымі службамі, 24,9 % украінцаў на прэзідэнцкіх выбарах гатовыя аддаць свой голас Парашэнку. 8,9 % прагаласавалі б за Клічко, а 8,2 % – за лідарку «Батьківщины» і былога прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнку. Апошняя днямі заявіла, што падтрымае Парашэнку ў выпадку ягонай перамогі.

На раніцу суботы дакументы ў ЦВК падалі 13 асобаў, з якіх 5 зарэгістраваныя кандыдатамі. Тэрмін падачы дакументаў заканчваецца 30 сакавіка а 00:00.

АК, belsat.eu, паводле news.liga.net

Стужка навінаў