Ці ёсць наркатычнае лобі ў адміністрацыі прэзідэнта?


Фота narkolog-kazan.ruФота narkolog-kazan.ruКіраўнік кампаніі «Антымак» Аляксандр Шпакоўскі б’е трывогу: наркотыкі пагражаюць нацыянальнай бяспецы Беларусі. Чаму так доўга прымалі «антымакавы» дэкрэт і як можна абмежаваць рынак «спайсаў»? Пра гэта – «Размова Калінкінай».

Паводле Аляксандра Шпакоўскага, у Беларусі інфармацыю пра наркотыкі доўгі час хавалі ад журналістаў, і гэта вельмі перашкаджала праводзіць прафілактыку. Гэтак, узровень макавай наркаманіі значна ўзрос у 2004 годзе. Макавае насенне пад выглядам кандытарскай сыравіны трапляла ў нашую краіну ў асноўным праз тэрыторыю Расеі. «Антымакавы» дэкрэт Аляксандр Лукашэнка падпісаў зусім нядаўна – у студзені 2014 года. А з’явіўся адпаведны законапраект ў 2007-ым. Удзельнікі кампаніі «Антымак» інфармавалі на гэтую тэму дзяржаўныя органы, ведамствы, палітычныя партыі.

«У свой час мы казалі пра наркатычнае лобі. Я і цяпер не адмаўляюся ад гэтай тэорыі, – гаворыць кіраўнік кампаніі «Антымак». – Напярэдадні прыняцця ў студзені «антымакавага» дэкрэта прэзідэнта дайшло да супрацьстаяння паміж МУС і некаторымі іншымі органамі. Быў выступ міністра Шуневіча ў Палаце прадстаўнікоў, падчас якога ён казаў, што некаторыя разумнікі ў Адміністрацыі прэзідэнта перашкаджаюць нам змагацца з наркотыкамі».

{movie}Аляксандр Шпакоўскі ў “Размове Калінкінай”|right|15595{/movie}

Паводле сп. Шпакоўскага, толькі за люты 2014 года сканфіскавалі каля 40 т рэчываў з утрыманнем опіуму. «Гэта больш, чым за папярэднія 2 гады разам узятыя». Урэшце міліцыянты, якія абяцалі спыніць макавы бізнес, калі атрымаюць заканадаўчы інструмент, гэты інструмент атрымалі ды выкарыстоўваюць.

Але ёсць яшчэ сінтэтычныя наркотыкі, перадусім – «спайсы» або гэтак званыя дызайнерскія наркотыкі, змагацца з якімі нашмат цяжэй. «Спайс» – гэта любое расліннае рэчыва, апрацаванае хімічным рэагентам. У Беларусі пад крымінальную адказнасць падпадаюць толькі тыя, хто распаўсюджвае рэчывы, занесеныя ў спіс забароненых, які зацвярджае Міністэрства аховы здароўя. Працэдура занясення займае некалькі месяцаў. Таму калі ўвесь час змяняць малекулярную структуру хімічнай формулы, адказнасці можна пазбегчы. Аляксандр Шпакоўскі лічыць, што, калі працэдуру скараціць да 2–3 дзён, злачынцам стане нявыгадна траціць велізарныя грошы на распрацаванне новай формулы і гэта моцна ўдарыць па іхным бізнесе.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў