Павел Шарамет: Ва Украіне ўсё можа «завярцецца» вакол 9 траўня


Зварот да ўкраінскага народу, а ў ім – заклік да рэферэндумаў аб статусе кожнага рэгіёну краіны. З гэткім пасланнем звярнуўся Віктар Януковіч, хоць самога зрынутага прэзідэнта не пабачылі.

Толькі ўсеўкраінскі рэферэндум, а не экстранныя датэрміновыя выбары прэзідэнта могуць у значнай ступені стабілізаваць палітычную сітуацыю і захаваць суверэнітэт і цэласнасць Украіны, лічыць Януковіч. Але ці яшчэ нехта з Януковічам лічыцца? Куды ідзе Украіна і на што здольная Расея?

{movie}Павел Шарамет у “Гарачым каментары”|right|15584{/movie}

Паводле госця «Гарачага каментара» Паўла Шарамета, пакуль Крэмль не дасягне сваіх мэтаў, ён будзе выкарыстоўваць у сваёй прапагандзе нават мёртвага Януковіча. Хоць гэта, лічыць суразмоўца, – прынцыповая памылка. «Нянавісць ва Украіне да Януковіча такая, што ўсё, што робіцца пад ягоным імем, не можа быць успрынятае пазітыўна». Паводле Шарамета, украінцы не падтрымаюць ідэі рэгіянальных рэферэндумаў.

Апошнюю заяву Януковіча ён называе працягам дзеянняў Масквы для дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ва Украіне, рыхтаванне грамадскай думкі, найперш – расейскай, да сілавых дзеянняў на тэрыторыі Украіны, для стварэння там хаосу і спробаў з дапамогаю «зялёных чалавечкаў» або адкрыта – пры дапамозе войска – узяць сітуацыю пад расейскі кантроль.

Павел Шарамет зазначае, што пагроза ваеннага ўварвання Расеі ў паўднёва-ўсходнія раёны Украіны ўзрастае штодня, але крымскі сцэнар тут не пройдзе. «Думаю, да сярэдзіны траўня нейкія актыўныя дзеянні Расея распачне. Яны мусяць паспець перад прэзідэнцкімі выбарамі [ва Украіне – belsat.eu]. Хутчэй за ўсё, усё будзе вярцецца вакол 9 траўня. Напрыклад, ветэраны выйдуць на вуліцу, іх нібыта паб’юць нейкія радыкалы», – мяркуе Павел Шарамет.

Паводле яго, Аляксандр Лукашэнка напужаны падзеямі ва Украіне. «Ён разумее, што, калі заўтра ён не спадабаецца Пуціну, зялёныя чалавечкі высадзяцца ў Драздах. Таму ён будзе прадаваць Беларусь па кавалках і цалкам дзеля захавання сваёй улады да апошняга ўздыху. Спадзявацца на тое, што Лукашэнка абароніць незалежнасць Беларусі, проста бязглузда», – гаворыць ён, дадаючы, што Расеі і не патрэбнае фармальнае далучэнне Беларусі, бо Аляксандр Лукашэнка і так выконвае ўсе заданні Крамля.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў