Лукашэнка: У Беларусі 400 апазіцыянераў. Іх імёны мы ведаем


Фота ej.byФота ej.by«Калі б нашыя вайскоўцы сядзелі як мышы пад венікам, я б адзін пайшоў змагацца за сваю зямлю», – адказаў Лукашэнка на пытанне Савіка Шустэра, што б ён рабіў, калі б Расея хацела забраць кавалак Беларусі.

Лукашэнка падкрэсліў, што Расея з цягам часу прызнае новыя ўлады Украіны. «Час лечыць», – сказаў кіраўнік Беларусі.

«Мне катэгарычна не падабаецца тое, што робіцца на ўсходзе Украіны. Там трэба сітуацыю супакойваць, а не бударажыць», – адзначыў Лукашэнка. «Нельга ў гэтым бязладдзі праводзіць рэферэндум пра федэралізацыю Украіны».

«Хто бударажыць сітуацыю ва Украіне?», – запытаў Шустэр. «Вам мусіць быць лепш бачна», – адказаў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка Беларусі, ён раней сустракаўся з выканальнікам абавязкаў прэзідэнта Украіны Турчынавым падчас візіту таго ў Гомель у дэлегацыі тагачаснага прэзідэнта Віктара Юшчанкі. Турчынаў вельмі цвяроза разважаў і з ягонага боку не было ніякай агрэсіі, падкрэсліў Лукашэнка.

«Пуцін далей не пойдзе. Я вам катэгарычна кажу», – пракаментаваў Лукашэнка намеры кіраўніка Расеі адносна Украіны. «Пуцін ведае, што можа ўздыбіць усю Еўропу і можа пачацца сусветная вайна. Тут спрацаваў прынцып – «нашых б’юць».

Паводле Лукашэнкі, краіны НАТО бачаць у Беларусі ворага, а ў Польшчы дагэтуль ёсць мапы, дзе польская мяжа пад Менскам. «Мы не тое, што баімся НАТО, а мусім аналагічна рэагаваць: вы – вучэнні, мы – вучэнні, вы трымаеце армію ў парадку, і мы таксама», – дадаў кіраўнік Беларусі.

У тым, што адбылося на Майдане, вінаватыя толькі ўкраінскія ўлады, лічыць кіраўнік Беларусі. На яго думку, толькі пазней у гэтую справу ўмяшаліся іншыя краіны. Паводле Лукашэнкі абурэнне людзей ва Украіне выклікала вялізная карупцыя: “Калі б я даведаўся, што мая краіна ўся павязана, а б звар’яцеў за адзін вечар”.

Вельмі добра Лукашэнка выказаўся пра жыхароў Заходняй Украіны, з нарадзінцамі якой служыў у войску. “Для мяне няма Захаду і Усходу. Некаму выгадна цяпер дзяліць Украіну”, – выказаўся кіраўнік Беларусі.

“Мой малодшы сынок напалову ўкраінец”, – прызнаўся Лукашэнка.

Лідар Беларусі зняпраўдзіў інфармацыю, што Беларусь гуртуе войскі каля ўкраінскай мяжы. Паводле яго Лукашэнка на танку ў Кіеве – гэта недарэчна. “Я на трактары з плугам магу прыехаць ва Украіну, дапамагчы”, – сказаў лідар Беларусі.

Паводле Лукашэнкі, калі б ён паводзіў сябе як Януковіч, у 2010 годзе ў Беларусі гэтаксама быў бы Майдан. Спецслужбы данеслі, распавёў кіраўнік Беларусі, Плошчай-2010 кіравалі з Кіева.

За разгонам Плошчы ў 2010 годзе Лукашэнка назіраў па камерах: “Мы ўзялі галаву – чалавек 400, а разявакі разбегліся. 300 чалавек адпусцілі адразу. За ноч яшчэ 50 адпусцілі. Да суда дайшло толькі 20 чалавек”.

У Беларусі, паводле Лукашэнкі, толькі 400 заўзятых апазіцыянераў, імёны якіх ведаюць спецслужбы. “Апазіцыя ў нас не такая адмарожаная, каб узяць зброю і страляць”.

{movie}Інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі Савіку Шустэру|right|15583{/movie}
ВШ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары