Ты прэзідэнт і цябе выкінулі з краіны: як жыць?


Калісьці Лукашэнка прытуліў да сэрца прэзідэнта Кыргызстану, а цяпер абсмейвае Януковіча, які падобным чынам пазбавіўся ўлады. Гэты, аднак, бяспечны прытулак атрымаў у падмаскоўным «дачным паселішчы».

Даўным-даўно ў далёкай краіне дзесьці ў сэрцы Азіі адбылася рэвалюцыя – як у нас кажуць, каляровая. Прэзідэнт гэтай краіны быў вымушаны ўцячы. Не прайшло і некалькіх дзён, як ён з’явіўся ў Беларусі разам з грамадзянскаю жонкаю, дзецьмі ды, пэўна, сціпленькаю валізкаю: не ўцякаць жа з Радзімы з пустымі рукамі.

Гэта быў Курманбек Бакіеў – прэзідэнт Кыргызстану, які дагэтуль жыве ў Беларусі. Ён нават атрымаў беларускае грамадзянства, а дзеці ягоныя, як паведаміў Аляксандр Рыгоравіч, нават вучылі беларускую мову.

Кіраўнік Беларусі прыняў яго сардэчна: прызнаў палітычным вязнем, на якога напала дзікая зграя і паставіла ў нязручнае становішча. «Тэлефануе, плача: забяры дзяцей!» – такую версію падзеяў выказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Лёс дзяцей»

«Хачу яшчэ раз падкрэсліць: калі прэзідэнту Кыргызстану будзе патрэбная дапамога і падтрыманне ў гэты цяжкі для ягонай сям’і момант (мяне найбольш турбуе лёс дзяцей), то яе ў Беларусі акажуць у поўным аб’ёме», – у медыях з’яўляліся такія словы Лукашэнкі, што ў самых чуллівых гледачоў пачыналі капаць слёзы. «Няхай мяне асуджаюць, не асуджаюць, але здраджваць людзям – гэта самае ганебнае, што можа быць у гэтым свеце», – гэтак сказаў наш добры самаранін і маральны аўтарытэт.

І Бакіеў, якога кіргізскія ўлады занеслі ў спісы Інтэрполу, згубіўся недзе ў беларускіх вёсках і лясах ды спакойна сабе жыве і харчуецца, пэўна, тым, што ў валізцы прывёз, а дзеці ягоныя купляюць сабе цукеркі ў мясцовым сельпо, размаўляючы на чысцюткай беларускай мове.

Тым часам не прайшло і пару гадоў, як ў суседняй Украіне падобны лёс напаткаў Віктара Фёдаравіча Януковіча. І хоць прэзідэнт Украіны – гэта, уласна кажучы, паводле паходжання беларус, з Менску не паступіла запрашэння асесці з валізкаю і сястрою ўласнай кухаркі ў Беларусі. Затое прагучалі прэтэнзіі: «Які ён для мяне прэзідэнт? Возьмем ягоны апошні выступ: таварышы, шаноўнае спадарства, я жывы, здаровы і кірую Узброенымі сіламі. Адразу напрошваецца пытанне: дык дзе ж твая армія?» – іранізаваў Лукашэнка. «Нават калі заўтра ў цябе будуць страляць. Што ж – такі твой лёс. Ты павінен прынесці сябе ў ахвяру. Але так? Сядзець у рэзідэнцыі, упівацца сваёй уладаю, а калі цяжка – уцячы? Я такога не прызнаю», – дадаў кіраўнік Беларусі, жадаючы, відаць, свайму «сябру» лёсу іншага дарагога сэрцу калегі – Муамара.
{movie}Лукашэнка ў гасцях у Кадафі|right|15581{/movie}
Дразды? Беднавата…

Але ёсць пэўная розніца: былому прэзідэнту Украіны Крэмль дазволіў пасяліцца ў Рублёўцы або ў нейкім іншым «дачным паселішчы», куды той і прывёз валізку, сястру кухаркі, залатыя ўнітазы і гэтак далей. І калі глядзіш здымкі з ягонага «сціплага дамка» ў Мэжыгір’і, дык і не дзівішся, што ў нашмат больш сціплых Драздах ён мог пачувацца некамфортна.

У Бакіева такога выбару не было, у Маскву яго ніхто не запрашаў за былыя правіннасці. Калісьці ён абяцаў, што выкіне з краіны амерыканскую авіябазу, а замест гэтага памяняў яе назву на Цэнтр перазапраўкі ды ўсяго толькі ў чатыры разы ўзняў кошт арэнды. Рэч ясная, што тагачаснаму прэзідэнту Мядзведзепуціну яўна не спадабаліся гэткія камбінацыі.

Януковіч тым часам са сваймі дасягненнямі на ніве аслаблення ўкраінскай арміі спакойна можа спадзявацца на званне Героя Расеі. А што ж гэта за герой без лецішча? Так што бедаваць пад Масквою ён не будзе.

Таму калі ты прэзідэнт постсавецкай краіны і цябе знянацку зненавідзіць народ, галоўнае – дабрацца са сваймі залатымі зліткамі да лётнішча. Той ці іншы прыяцель не пакіне цябе ў бядзе.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары