Прэзідэнцкія выбары – не пазней за 20 лістапада 2015 года. Кампанія мае быць багацейшай


У адпаведнасці з заканадаўствам паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі заканчваюцца 20 студзеня 2016 года, патлумачыла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Выбары маюць прайсці не пазней, як за 2 месяцы да гэтай даты, а прызначаныя – за 5 месяцаў.

Гэткім чынам, не пазней за 20 жніўні 2015 года мусіць быць прызначаная дакладная дата выбараў.

Як адзначыла кіраўнік ЦВК, выбарчае заканадаўства ў дачыненні прэзідэнцкіх выбараў амаль не змянілася, бо асноўныя асаблівасці кампаніі выбараў прэзідэнта прапісаныя ў Канстытуцыі. У той жа час, паводле Ярмошынай, у канцы 2013 года ўступілі ў сілу папраўкі і Выбарчы кодэкс, якія датычаць фармавання фінансавых фондаў кандыдатаў на прэзідэнта. Гэтак, іх можна будзе ствараць не з моманту рэгістрацыі кандыдатаў, як было раней, а з моманту рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Апроч таго, павялічылі памер фонду – да 9 тыс. базавых велічыняў.

Размаўляючы з Ярмошынай, журналісты выказалі здагадку: калі намаганні для мабілізацыі выбарнікаў на прэзідэнцкіх выбарах будуць параўнальныя з тымі, якія рабіліся на мясцовых выбарах, яўка на будучай выбарчай кампаніі можа быць параўнальная з яўкаю на крымскім рэферэндуме. «Чаму не, на слабо ці што», – адказала кіраўнік ЦВК.

Нагадаем, на мясцовых выбарах яўка склала 77,4 %, на рэферэндуме ў Крыме, паводле афіцыйнай інфармацыі, – каля 83 %.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў