Расейскі пасол падзякаваў Лукашэнку за Крым


Паслу Расеі ў Беларусі не спадабаўся праўкраінскі характар святкавання Дня Волі ў Менску. А вось пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі, датычная Крыму, – наадварот. Праўда, удзячнасць Масквы матэрыяльнага характару не носіць.

Праз пасла Расеі ў Беларусі Масква падзякавала Аляксандру Лукашэнку за фактычнае прызнанне Крыму.

{movie} Сурыкаў: Дзякуем за Крым|right|15569{/movie}

АЛЯКСАНДР СУРЫКАЎ, ПАСОЛ РФ У БЕЛАРУСІ:

“Цяпер гэта факт, і Аляксандр Рыгоравіч у сваім выступе гэта зафіксаваў, мы яму за гэта ўдзячныя”.



Аднак, як кажуць, сяброўства сяброўствам, а тытунь – паасобку. Услед за расейскім віцэ-прэм’ерам Шувалавым пасол Сурыкаў паведаміў, што Масква не адмовіцца ад экспартных пошлінаў на нафту для нашай краіны ні ў траўні, калі мяркуюць падпісаць пагадненне аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюзу, ні ў гэтым годзе наагул.

УЛАДЗІМІР ГЛОД, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

“Сурыкаў сказаў так, гэта не рынкавая мера, гэтая мыта. І тут ён мае рацыю, гэта па-за правіламі рынкавай эканомікі. Расейскія фінансісты падлічылі, што калі адмяніць цалкам, то Расея будзе фінансаваць Беларусь і Казахстан на 20 млрд за год”.



Улады Беларусі ў сваю чаргу спрабуюць сядзець на двух крэслах паміж Кіевам і Масквою. У інтэрв’ю ўкраінскай праграме “Шустер live” Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў былога ўкраінскага прэзідэнта, якога Расея лічыць легітымным.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

“Што датычыць Януковіча: ну, які ён для мяне прэзідэнт? Вось апошні ягоны выступ: таварышы, спадары, я жывы, здаровы, я галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі. Адразу пытанне: а дзе тваё войска?”.

Беларускія гледачы шоу Шустэра не ўбачаць. З кабельных сетак Гомля і Салігорска ўкраінскія тэлеканалы зніклі. У памежных з Украінаю рэгіёнах спецслужбы пачалі цікавіцца мэтаю паездак беларусаў у суседнюю краіну. Але надалей псаваць свае адносіны з новымі ўладамі ў Кіеве Менск не зацікаўлены. У МЗС пацвердзілі, што свайго пасла з Кіева не адклікаюць, нягледзячы на тое, што ўкраінскі амбасадар Міхаіл Ежэль выехаў у Кіеў яшчэ на пачатку тыдня.

ДЗМІТРЫЙ МІРОНЧЫК, ПРЭС-САКРАТАР МЗС БЕЛАРУСІ:

“Ужо пасля адклікання ўкраінскага амбасадара для кансультацыяў пасол Беларусі Валянцін Вялічка ў Кіеве сустрэўся з першым намеснікам міністра замежных справаў Украіны. Такім чынам наш дыялог з Украінаю працягваецца”.

Грамадская супольнасць вядзе свой дыялог з Кіевам. Камітэт салідарнасці з Украінаю пачаў збіраць подпісы супраць уцягвання Беларусі ды беларусаў у вайну паміж Украінай і Расеяй.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:

“Наогул трэба ствараць больш шырокі антываенны камітэт, бо сёння Украіна, заўтра Чачня, Далёкі Усход. Ёсць рэальная небяспека, што нашых беларускіх сыноў будуць забіваць на чужых войнах”.

Пра рост імавернасці вайсковага канфлікту на межах Беларусі афіцыйна ўслых не кажуць, але разам з гэтым былых памежнікаў выклікаюць на медкамісіі і правяраюць на выпадак мабілізацыі.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў