Жырыноўскі, давай дзяліць Украіну разам!


Жырыноўскі, нехарошы чалавек, хоча падзяліць Украіну з усімі навокал, але толькі не з Беларуссю. Калі «пілаваць», то разам! У імя «непарушнага саюзу» Расеі ды Беларусі – піша фельетаніст Максім Чыгунка.

«Жырыноўскі – сукін сын». Апошнім часам гэта прызнае нават «кішэнны Кісялёў» Лукашэнкі, Павел Якубовіч, які назваў яго ворагам Беларусі. І гэта праўда – няма іншага такога шкодніка, які гэтак не паважае «непарушны саюз» Расеі і Беларусі.
{movie}Павел Якубовіч: Жырыноўскі – вораг Беларусі|right|15558{/movie}
Якубовіч хіба меў на ўвазе шматлікія выказванні Жырыноўскага, які дазваляў сабе проста па-хамску атакаваць кіраўніка Беларусі (пра снайпера, які толькі і дапаможа, зноў жа, згадваў). Аднак цяпер ёсць канкрэтныя гістарычныя прычыны, каб меркаваць, што паводзіны Жырыноўскага – гэта ўдар у сэрца беларуска-расейскага саюзу. Выявілася, што гэты падлюга выслаў ліст некалькім дзяржавам, што мяжуюць з Украінаю, з прапановай адарваць сабе па кавалку Нэнькі (украінскіх зямель): румынам, вугорцам, палякам. Праблема ў тым, што гэта менавіта мы самыя-самыя саюзнікі Расеі, а лідар ЛДПР прапаноўвае распілаваць Украіну ўсім, акрамя Беларусі!

Час, як гэта робяць расейскія ўлады ў выпадку з Крымам, здзьмуць пыл з архіваў і паказаць праўду. Як вядома, п’яны Хрушчоў нібы аддаў Украіне «спрадвечна расейскія» землі Крымскага паўвострава, «не пытаючы згоды ў карэнных жыхароў». І гэтак праз гады адгукнуўся Украіне гэты недэмакратычны падарунак.

У 1954 годзе не было рэферэндуму, хаця вынікі савецкага галасавання не вельмі б адрозніваліся ад лічбаў на апошнім рэферэндуме, праведзеным пад пільным вокам прыцэлаў «зялёных чалавечкаў» і нагаек расейскага казацтва. Толькі тады 99 % «спрадвечна-расейскіх» жыхароў Крыму падтрымалі б кіраўніцтва Савецкага Саюзу і віталі б далучэнне да Украіны, а цяпер – дакладна наадварот. Але тады ніхто нікога не пытаў пра меркаванне, і аказалася, што расейскі народ, якому гэтак не стае жыццёвай прасторы, адчуў сябе пакрыўджаным праз гэткую гістарычную памылку. А тут яшчэ дадалася пагроза прывіду фашызму, які як цунамі нясецца з кіеўскага Майдану і вось-вось накрые.

Але такая бяда здарылася не толькі з расейскім народам. Вернемся на 300 гадоў назад. У 1696-м кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІ Аўгуст (не выключана, што ў стане алкагольнага ап’янення) вось проста так узяў ды і перадаў старалітоўскія землі Украіны, здабытыя кроўю нашых продкаў-ваяроў, Польскаму Каралеўству. Вам гэта нічога не нагадвае? Вось так узялі ды аддалі землі ВКЛ, без рэферэндуму і грамадскага абмеркавання! І хто гэта зрабіў? Нашчадак самога Ягайлы – от жа скаціна! А маглі б гэта цяпер быць беларускія землі! Але Жырык пра гэта не падумаў? Няўжо прагне аддаць Украіну ў рукі заходне-натаўскіх агрэсараў?

Калі ўжо пілаваць Украіну, дык разам і акуратна! Свайго не аддамо, чужога нам не трэба. Ганіце-ка нам Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну і Чарнігаўшчыну! Ну, і калі б удалося план такі ператварыць у жыццё, то «бандэраўцы» маглі б ужо толькі хавацца па лясох. Бо хто мае большы досвед у барацьбе з фашызмам, пятаю калонаю ды рознаю брыдкай апазіцыяй, як наш Аляксандр Рыгорыч? Ён жа сам казаў: «У нас Майдану не будзе!»

Максім Чыгунка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары