Паралакс: Бяжы, бяжы, хлопец


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Бег з бар’ерамі – адзін з самых фотагенічных відаў спорту. Але гэта не чэмпіянат свету. Ікона перыяду халоднай вайны нагадвае, што хто з мяжою прыходзіць, той ад яе і гіне.

Разбураная вайною гаспадарка не дазваляла Крамлю вырабіць неабходную колькасць ружовых акуляраў для немцаў з ГДР. Жыхары ўсходняй Нямеччыны галасавалі супраць сацыялістычнай улады нагамі: ужо напрыканцы 1945-га ў Заходняй Нямеччыне было 44 мільёны людзей, ва Усходняй засталося толькі сямнаццаць. Да будаўніцтва сцяны на Захад збеглі яшчэ тры мільёны – маладых і адукаваных. Калідорам быў Берлін, бо фармальна здэмілітарызаваны горад цяжка было кантраляваць. Яшчэ некалькі гадоў – і ў ГДР засталіся б толькі пенсіянеры, агенты Штазі ды народная паліцыя. У 1961 годзе Крэмль пайшоў на радыкальны крок і паказаў, што самая лепшая жалезная заслона – з бетону.

На Захад уцякалі будаўнікі, якія працавалі над узвядзеннем муру, ды вайскоўцы, якія будаўнікоў пільнавалі. На трэці дзень будоўлі ў Берлін пасля трохмесячнага трэнінгу ў Дрэздэне прыбыў 19-гадовы Конрад Шуман (Conrad Schumann) з прэвентыўнай паліцыі. У той жа дзень здымаць паўстанне муру прыехаў з Гамбургу малады фотарэпарцёр «Associated Press» Пэтэр Ляйбінг (Peter Leibing). З заходняга боку сабралася моладзь, якая падбадзёрвала жаўнераў не баяцца ды ісці да іх. Пад’ехалі патрульныя, якія адкрылі дзверы і не выключалі рухавіка аўтамабіля. Ляйбінг, які пабачыў, як нервова паліць і глядзіць у іхным кірунку малады жаўнер з аўтаматам ППШ-41, зразумеў, што той хоча пераскочыць цераз калючы дрот. Шуман вагаўся каля гадзіны, увесь гэты час Ляйбінг не адводзіў ад салдата вачэй.

Калі раптам той кінуўся да агароджы, рэпарцёру давялося дзеяць хутка, але спакойна: ён мог зрабіць толькі адзін кадр. У эпоху стужачных камераў памыліцца было нельга. Пэтэр прыгадаў конскія скачкі, якія здымаў калісьці: націснуць спуск трэба было не зарана і не запозна. Здымак выйшаў як мае быць: малады баец пралятае дакладна над бар’ерам. На наступны дзень фатаграфію апублікуюць газеты па ўсім свеце, а Пэтэр Ляйбінг атрымае за яе прэмію Замежнага прэс-клубу ЗША.

На захадзе беглы Шуман знойдзе сабе жонку, пабудуе хату і стане рабочым на заводзе «Аўдзі». На ўсходзе яго абвесцяць дэзерцірам і здраднікам. Гэтак яго будуць успрымаць нават родныя: пасля падзення муру яны не захочуць з ім кантактаваць. У 1998 годзе герой здымку не вытрымае і павесіцца на дрэве каля свайго дому ў Баварыі.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў