У Бабруйску галадаюць 12 чалавек. Афіцыйны прафсаюз лічыць гэта гульнёю


Сёння да галадоўкі чальцоў Свабоднага прафсаюзу Беларускага на Заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску далучыліся яшчэ тры працаўнікі. Агулам цяпер галадаюць 12 чалавек. Кіраўніцтва заводу не рэагуе.



Галадоўнікаў пагражалі не дапусціць да працы

Адміністрацыя заводу паспрабавала націснуць на працаўнікоў-пратэстоўцаў. Як распавяла шліфавальніца Ірына Коршунава, яе і слесара Сяргея Пічугова выклікалі начальнік цэху і юрысконсульт заводу. Працаўнікоў папярэджвалі, што калі яны працягнуць галадаць, то іх могуць не дапусціць на працоўныя месцы, бо голад – гэта нібы парушэнне тэхнікі бяспекі.

«Прасілі яшчэ паперу напісаць, што я галадаю. Я адмовілася і сказала, што гэта маё права – галадаць, я нармальна пачуваюся і магу працаваць, – з абурэннем кажа Ірына Коршунава. – Яны за маю працу нібы непакояцца. А чаму яны не думаюць пра тое, што пазбавілі нас усяго на гэтым заводзе? Я – ветэран заводу, але за тое, што ў Свабодным прафсаюзе, увесь час толькі прыніжэнні ад іх атрымліваю!»

Слесар-інструментальнік Сяргей Пічугоў згадзіўся напісаць адміністрацыі паперу, што ён галадае, і што гэта – форма пратэсту супраць дыскрымінацыйнай палітыкі заводу ў дачыненні Свабоднага прафсаюзу.

«Мы хацелі прыцягнуць увагу да праблемы, і гэтай мэты дасягнулі»



Міхаіл Кавалькоў, старшыня СПБ. Фота belsat.eu Міхаіл Кавалькоў, старшыня СПБ. Фота belsat.eu Галадоўка планавалася трохдзённая, і, паводле старшыні СПБ Міхаіла Кавалькова, скончыцца заўтра а 8-й гадзіне раніцы.

«Адміністрацыя заводу адрэагавала ў сваім стылі – прафілактычнымі размовамі ды папярэджаннямі. Дыялогу нам не прапаноўваюць, – зазначыў прафсаюзны лідар. – Але мы і не спадзяваліся, што яны кінуцца адразу з намі наладжваць стасункі».

Галоўная мэта галадоўкі – прыцягнуць увагу грамадства і міжнароднай супольнасці да дыскрымінацыі Свабоднага прафсаюзу ў Бабруйску, – паводле спадара Кавалькова, дасягнутая.

Старшыня афіцыйнага прафсаюзу: Гэтая галадоўка – гульня

Кіраўніцтва заводу ТДіА па-ранейшаму адмаўляецца ад каментароў. Старшыня афіцыйнага прафсаюзу АСМ (аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаўніцтва) Аляксандр Курыцкі мяркуе, што чальцы Свабоднага прафсаюзу не маюць ніякіх падставаў для галадоўкі, і што ніхто іхных правоў не парушае: «Гэта ненармальна, што яны галадаюць. Няма прычынаў. І тое, што пішуць у медыях, на 95 % – падман».



Паводле старшыні прафсаюзу АСМ, Міхаіл Кавалькоў сам адмаўляецца ісці на дыялог: «Калі мы запрашалі іх да перамоваў аб калектыўнай дамове, Кавалькоў сам адмовіўся. Дык што, я павінен на калені перад ім падаць? Маё меркаванне такое: усё гэта надумана, і галадоўка гэтая – гульня, каб дасягнуць нейкіх, не ведаю якіх, мэтаў».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў