БХД у сельсавеце. Чаго чакаюць выбарнікі ад апазіцыянера?


Сямёра чалавек. Столькі апазіцыянераў увайшлі ў лік амаль дзевятнаццаці тысячаў новаабраных дэпутатаў мясцовых саветаў. Журналісты “Аб’ектыву” завіталі ў вёску да аднаго з пераможцаў – Валерыя Білібухі, які вылучыў сваю кандыдатуру ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Невялічкая вёска Кабакі ў Берасцейскай вобласці стала вядомая летась, калі жыхары адбіваліся ад чыноўнікаў, якія хацелі выразаць пагалоўе свіней у межах барацьбы з афрыканскаю чумою. Валер Білібуха тады збіраў подпісы ды пісаў скаргі ў сельсавет. Жывёлы не абараніла, але па змаганні жыхары запрапанавалі спадару Валеру вылучыць сваю кандыдатуру ў дэпутаты. У сваёй перамозе не сумняваўся.

{movie} БХД у сельсавеце|right|15552{/movie}

ВАЛЕР БІЛІБУХА, ДЭПУТАТ СЕЛЬСКАГА САВЕТУ:

“Я ўпэўнены быў на сто адсоткаў, бо я на баку народу і намагаюся бараніць іхныя правы ды абараняю іхныя інтарэсы”.

На гэта і спадзяюцца жыхары Кабакоў, бо калі пра папярэдняга дэпутата вядома толькі тое, што ён быў, то вальшчыка лесу Білібуху ведае ўся вёска. Дагэтуль сельскія ўлады не рэагавалі на заклікі дазволіць трымаць свіней ды адрамантаваць дарогу ў вёсцы.

ЖЫХАРЫ КАБАКОЎ:

“Пра гэтую дарогу ўжо неаднаразова пісалі, звярталіся ў сельсавет. Усе адмаўляюць – нікому яна не патрэбная”.

“Вясною ні праехаць ні прайсці. Па самую сраку залезеш і выцягвай трактарам”.

“Ну, ладна гэты конь – ён паўсюль пройдзе, а легкавікі, ровары? Пра пешаходаў увогуле маўчу. Ішла нядаўна мая жонка – па калена правалілася. Прыйшлося выцягваць”.

Адзін дэпутат у сельсавеце адразу сітуацыі не зменіць – разумее Білібуха. І дарога імгненна не стане праезнаю ў любое надвор’е. Але галоўная мэта, паводле дэпутата, – зноў дазволіць вяскоўцам трымаць свіней. Бо шмат для каго гэта асноўная крыніца заробку.

ВАЛЕР БІЛІБУХА, ДЭПУТАТ СЕЛЬСКАГА САВЕТУ:

“Ёсць такая катэгорыя людзей, што ўвогуле нават… Возьмем групу паляводаў, дык іхныя чорнарабочыя нават не зарабляюць на мінімалку – ім даплочваюць да мінімалкі. І як за такі жабрацкі заробак, можна сказаць, падачку, можа пражыць просты народ?”

Нягледзячы на тое, што Білібуха атрымаў больш галасоў, чымся ягоныя будучыя калегі з сельсавету, ён не спадзяецца развязаць усе праблемы Кабакоў. Але прынамсі абяцае казаць пра іх і не хавацца ад сваіх жа выбарнікаў.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў