Лідара фанацкага руху БАТЭ арыштавалі за майкі з надпісамі па-беларуску?


Міліцыянты затрымалі Аляксандра Марозава на чыгуначным вакзале Барысава, нібыта зацікавіўшыся змесцівам ягоных торбаў, у якіх была спартовая атрыбутыка, а таксама майкі з надпісам «Першы атрад БНР».

Затрыманне адбылося ўчора ўначы. Лідар фан-руху са сваёй дзяўчынаю акурат выйшлі з цягніка з Горадні. Фармальнаю падставаю затрымання стала тое, што Аляксандр нібыта лаяўся матам. Сам Марозаў, а таксама ягоная дзяўчына катэгарычна адмаўляюць гэта. Старонка «Barysau.by» падае, што Марозава маглі затрымаць на знак помсты за фанацкую акцыю для падтрымання Еўрамайдану.



Да суда актывіста змясцілі ў ізалятар. Сёння адбыўся суд. Сведкамі супраць Марозава выступілі чатыры працаўнікі міліцыі Барысаўскага РУУСу. Яны сцвярджалі, што Аляксандр нецэнзурна выказваўся, чым парушыў грамадскі парадак на вакзале. Пры гэтым міліцыянты не здолелі назваць імя ніводнага барысаўца, які быў у момант затрымання на вакзале і мог палічыць сябе абражаным, падае «Barysau.by».

Суддзя Сяргей Герасімовіч адмовіўся ад прапановы адваката Аляксандра Хаецкага далучыць да справы відэазапісы з камераў назірання на чыгуначным вакзале. З гэтых запісаў было б прынамсі бачна, ці былі якія-небудзь пабочныя людзі падчас затрымання Марозава, якія б гіпатэтычна маглі пачуць нецэнзурную лаянку. Суддзі ж было дастаткова «хору» міліцэйскіх паказанняў. Працаўнікі РУУСу, зрэшты, не змаглі толкам назваць нават тых словаў, якія нібыта гучалі з вуснаў Марозава і «абразілі начны Барысаў».

У выніку Марозава прызналі вінаватым у дробным хуліганстве і пакаралі 5 соднямі арышту.

МЯ, belsat.eu, паводле barysau.by

Стужка навінаў