Асудзілі затрыманых у Дзень Волі. У віну ставілі заклікі «ісці да рэзідэнцыі»


https://youtu.be/Kj9skW86VeY
Актывісты кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Блізнюк і Максім Вінярскі, якіх затрымалі 25 сакавіка пасля акцыі з нагоды Дня Волі, атрымалі па 5 і 15 дзён арышту адпаведна.

Суд Заводскага раёну Менску прызнаў вінаватым Аляксандра Блізнюка ў дробным хуліганстве (артыкул 17.1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях) і ў непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі (артыкул 23.4 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях). Актывісту прысудзілі па трое сутак арышту паводле кожнага артыкулу, выніковы тэрмін арышту атрымаўся пасля частковага складання пакаранняў.

{movie}Затрыманні на Дзень Волі|right|15538{/movie}

Паводле інфармацыі праваабаронцы Юліі Сцяпанавай, Блізнюку, апроч усяго, ставіліся ў віну заклікі «ісці да рэзідэнцыі». Падрабязнасці працэсу невядомыя, бо пры разглядзе справы ў залу паседжання пусцілі толькі самога Блізнюка і ягонага адваката.

Незадоўга да гэтага ў судзе Заводскага раёну асудзілі ды арыштавалі на 15 содняў яшчэ аднаго актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, якога таксама затрымалі ўчора ўвечары. Яго абвінавацілі ў тых жа правапарушэннях, што і Блізнюка.

Пасля заканчэння мітынгу, які прайшоў у парку Дружбы Народаў з нагоды Дня Волі, міліцыя затрымала прыблізна 10 удзельнікаў акцыі. Прыкладна а 22:30 з Заводскага РУУСу Менску адпусцілі актывістаў кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леаніда Кулакова, Улада Бародку, Алену Лазарчык і Сяргея Мацкойця. Таксама без складання пратаколаў адпусцілі з Савецкага РУУСу Менску актывістаў «Маладога фронту» Дзмітрыя Дразда і Станіслава Рачкеля. Няпоўнагадовага Віктара Кашкевіча забралі ягоныя бацькі.

У Віцебску 7 соднямі арышту пакаралі сябру партыі КХП БНФ Яна Дзяржаўцава. Яго затрымалі 25 сакавіка, калі актывіст вяртаўся са святкавання Дня Волі. Судзілі ж яго за пікет, праведзены 22 сакавіка, на якім спадар Дзяржаўцаў разам з актывісткаю Аленаю Каваленка заклікаў байкатаваць выбары, падае сайт ПЦ «Вясна».

Як паведаміў праваабаронца Леанід Свецік, падчас судовага працэсу суддзя суда Першамайскага раёну Віцебску Наталля Карабліна не задаволіла ніводнага з заяўленых хадайніцтваў з боку Дзяржаўцава: не дазволіла скарыстацца з паслугаў перакладчыка з расейскай мовы на беларускую, не выклікала сведак з боку актывіста, не дапусціла ў працэс прадстаўніка-абаронцу Пятра Іванова.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары