За галаву Пуціна на аўкцыёне просяць менш за $ 5


У сакавіку продажы лялек Уладзіміра Пуціна на папулярным інтэрнэт-аўкцыёне ebay, мяркуючы з каментароў, выраслі.

На ebay.com Уладзімір Пуцін прадаецца ў розных іпастасях. Самы дарагі – Пуцін, які дае прэзідэнцкую клятву на інаўгурацыі: разам з атрыбутыкаю каштуе $ 105. Да кіраўніка Расеі прыкладаецца трыбуна з мікрафонамі ды гербам, Канстытуцыя ў чырвонай вокладцы, прэзідэнцкі ланцуг і расейскі сцяг.

Асобна можна дакупіць галаву прэзідэнта Расейскай Федэрацыі (цяпер – са зніжкаю: $ 4,24 замест 4,99), як ні дзіўна – рукі з заручальным пярсцёнкам на правым безыменным пальцы (таксама нядорага: $ 5,99), а таксама кашулю, гадзіннік, гальштук, нагавіцы, пінжак, чорныя шкарпэткі ды пантофлі (усё каштуе па $ 5,99). І нават кімано для заняткаў каратэ – $ 21,24 (замест $ 24,99).

“Мерседэс S-600” з мігалкамі ёсць у двух варыянтах: за $ 82,51 і больш эксклюзіўны – у празрыстай скрыні з панарамаю Крамля і партрэтам прэзідэнта – за $ 172,76 (замест 215,95).

Для прыхільнікаў дыктатарскіх традыцыяў ёсць таксама Іосіф Сталін: з люлькаю ў парадным кіцелі ($ 124,99), крыху даражэйшы – у форме генералісімуса або шынялі, і самы дарагі (і актуальны) – на Ялцінскай канферэнцыі ($ 155,99). Галаву таксама можна набыць асобна, яна ў залежнасці ад якасці ды ступені падабенства будзе каштаваць ад $ 3,99 прыкладна да $ 50.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў