Святар з Каліфорніі даслаў 1600 долараў сям’і Міхаіла Жызнеўскага


Але «Беларусьбанк» адмовіўся выдаць гэтыя грошы родным загінулага на Майдане беларуса.

Са словаў спадарыні Ніны, маці Жызнеўскага, грашовы перавод мусіў прыйсці на імя ейнай дачкі. Жанчына не ў стане сама прыйсці ў банк – нейкі час таму яна перанесла цяжкую аперацыю на сэрцы.

«Няма імя адпраўніка, і яны не могуць выдаць гэтых грошай, бо гэта абавязковы атрыбут пераводу «Western Union». – Тлумачыць сястра Міхаіла Жызнеўскага. – У Амерыцы падаваць імя неабавязкова, а ў нас – абавязкова. Паказвайце імя – і ўсё тут».

Спадарыня Ніна кажа, што кожная капейка для сям’і важная. Ейная пенсія, якая не дацягвае нават да двух мільёнаў беларускіх рублёў, ідзе на лекі.

Ненашмат большую пенсію пасля сарака гадоў працы сантэхнікам атрымлівае і бацька нябожчыка, Міхаіл Жызнеўскі. У свае 68 гадоў ён вымушаны падпрацоўваць, бо з цяперашнімі коштамі на лекі і прадукты выжываць на пенсію амаль немагчыма.

Сям’я здымае маленькую двухпакаёвую кватэру ў панэльным доме ў Гомлі на вуліцы Севастопальскай.

Некаторыя хворыя, якія ляжалі ў кардыялогіі са спадарыняю Нінаю, моцна дапякалі яе за сына. «Хворыя казалі, што я лярва, сволач… Што я ледзь не вораг народу, бо Міша апынуўся ва Украіне і там загінуў, – распавядае маці Міхаіла. – Іншыя заступаліся за мяне. Казалі: «Як вам не сорамна, вы ж жанчыны, у вас свае дзеці ёсць. Яна ж чалавек і сын яе чалавек. А што гэтак здарылася, то ўсё пад Богам ходзім. Сёння ў яе, а заўтра ў нас можа здарыцца такое гора».

{movie} Маці забітага на Майдане беларуса: чалавечы боль успрымаў як свой/Mother of killed Belarusian|right|15510{/movie}

ЮВ паводле БелаПАН

Стужка навінаў