На прахадной заводу ў Бабруйску працаўнікі распачалі галадоўку


Гэткім адчайным крокам пяцёра чальцоў Свабоднага прафсаюзу беларускага разам са старшынём намагаюцца дабіцца спынення пераследу з боку адміністрацыі заводу. Галадоўка працягнецца тры дні.

Да галадоўкі падштурхнула безвыходнасць

Мы ўжо не першы год змагаемся за свае правы, таму не можам не падтрымаць нашага старшыню, – патлумачыла свой удзел у галадоўцы станочніца бабруйскага заводу Трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА) Аксана Кернажыцкая. – Завод абяцаў нам дыялог і падмануў нас. Таму мы і ідзем на гэтую скрайнюю захаду. Сумняваюся, што будуць нейкія вынікі для нас, бо ў кіраўніцтве заводу лічаць сябе багамі ды ні з кім не лічацца. Але трэба ж нешта рабіць, каб паказаць, што мы яшчэ ёсць тут”.

Наладчык Генадзь Лабачоў кажа, што да галадоўкі падштурхнула безвыходнасць: “Кіраўніцтва ні на што не рэагуе, тупіковая сітуацыя. Яны толькі абяцанні абяцаюць, але не выконваюць іх. Магчыма, так хоць нешта зменіцца, хоць бы дзякуючы таму, што праз медыі ўвагу прыцягнем”.

Міхаіл Кавалькоў. Фота belsat.euМіхаіл Кавалькоў. Фота belsat.euЯк распавёў “Белсату” старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў, галадоўка працягнецца тры дні, і будзе “папераджальная”. Калі ж адміністрацыя заводу не адрэагуе, магчыма, у красавіку абвесцяць бестэрміновае галадаванне.

Гэтым крокам Міхаіл Кавалькоў хоча дабіцца найперш вяртання памяшкання прафсаюзу на заводзе. Апрача гэтага, працаўнікі патрабуюць спынення пераследу за прыналежнасць да Свабоднага прафсаюзу і пачатку перамоваў дзеля падпісання новай калектыўнай дамовы паміж прадпрыемствам і прафсаюзамі.

Старшыня СПБ: Абяцанні перамоваў былі хлуснёю

Распачаць галадоўку Міхаіл Кавалькоў збіраўся яшчэ напрыканцы студзеня, напярэдадні візіту ў Беларусь місіі Міжнароднай арганізацыі працы. Але тады са старшынём СПБ сустрэўся намеснік дырэктара заводу ТДіА ў ідэалагічнай працы Уладзімер Елісеенка, і паабяцаў хутка распачаць перамовы для падпісання новай калектыўнай дамовы.

Міхаіл Кавалькоў кажа, што гэтая гатоўнасць да дыялогу была хлуснёю. Усе размовы скончыліся вельмі хутка, як толькі місія МАП з’ехала. Замест перамоваў – толькі працяг дыскрымінацыі. Гэтак, сёлета 20 лютага завод не працягнуў кантракту з чальцом Свабоднага прафсаюзу, кіроўцам пагрузчыка Аляксандрам Нікіткам. Звальненнем працаўніку пагражалі яшчэ ў верасні 2013 года, калі ён не выйдзе з СПБ.

Праводзіць галадоўку спадар Кавалькоў на прахадной заводу. Ужо сёння ранкам ён атрымаў папярэджанне ад міліцыі, што галадоўка ёсць формаю пікетавання, за што ён можа быць прыцягнуты да адказнасці. Адміністрацыя заводу каментаваць сітуацыю адмаўляецца. “Пішыце пісьмовы запыт, мо і сустрэнуся з вамі ў гэтым ці наступным месяцы. Цяпер у мяне на вас няма часу” – адказаў “Белсату” намеснік дырэктара па ідэалогіі Ўладзімір Елісеенка.

Аляксандр Ярашук: Галадоўка працуе ў тых краінах, дзе здароўе і жыццё – гэта каштоўнасць

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук сумняваецца, што галадоўка можа нешта істотна змяніць: “Такія акцыі працуюць у тых грамадствах, якія прытрымліваюцца дэмакратычных каштоўнасцяў, дзе здароўе і жыццё чалавека – гэта найважнейшыя каштоўнасці. Як улады Беларусі ставяцца да жыцця і здароўя грамадзянаў, мы ведаем. Таму ў нас гэта не проста выказванне пратэсту, гэта крок адчаю”, – падкрэсліў прафсаюзны лідар.

Спадар Ярашук звярнуў увагу на тое, што літаральна тыдзень таму прадстаўнікі Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў сустракаліся з кіраўніцтвам заводу ТДіА ў Бабруйску, і “нібы дасягнулі пэўных дамоўленасцяў”. Але словы зноў засталіся толькі словамі, што і падштурхнула працаўнікоў да адчайнага кроку.

Аляксандр Ярашук зазначыў, што эфектыўнасць галадоўкі ў Беларусі наўрад ці будзе высокая. Але зверне ўвагу на праблему, як гэта было ў выпадку з Юрыем Швецам, старшынём незалежнага прафсаюзу на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, які галадоўкаю імкнуўся спыніць дыскрымінацыю мінулай восенню. “Так ці інакш, але была прыцягнутая ўвага да праблемы, да ненармальнасці сітуацыі. Спадзяемся, што гэтак жа будзе і ў Бабруйску”, – падсумаваў старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў