Выбары «ў атмасферы нахабства». Апазіцыя падкрэслівае выключнасць апошняй кампаніі


Апазіцыя не прызнае афіцыйных вынікаў выбараў у мясцовыя саветы. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі кампаніяў “Права выбару” і “За справядлівыя выбары”. Незалежныя назіральнікі кажуць не толькі пра парушэнні закону на выбарчых участках, але і аб прынцыпова няроўных умовах для кандыдатаў у дэпутаты.

Гэтая кампанія мясцовых выбараў прайшла ў найбольш змрочнай і цяжкай атмасферы з усіх кампаніяў мясцовых выбараў, якія адбываліся ў Рэспубліцы Беларусь у прынцыпе – кажуць прадстаўнікі апазіцыі. Чальцы выбарчых камісіяў не проста перашкаджалі незалежным назіральнікам выконваць свае абавязкі – больш за паўсотні назіральнікаў проста выгналі з участкаў, дзесьці з прымяненнем фізічнай сілы.

{movie} Выбары «ў атмасферы нахабства»|right|15504{/movie}

ІГАР ЛЯЛЬКОЎ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ ПАРТЫІ БНФ:

“Такая атмасфера нахабства і ўсёдазволенасці ўпершыню назіраецца ў Беларусі падчас выбарчых кампаніяў”.

Назіральнікі зафіксавалі масавыя маніпуляцыі з яўкаю выбарцаў на большасці ўчасткаў. Было і галасаванне без дакументаў, і прысутнасць на ўчастках старонніх асобаў, у тым ліку кандыдатаў ад улады, і засакрэчванне пратаколаў з вынікамі галасаванняў. Падлік галасоў прайшоў непразрыста. Сёлета ўлада кантралявала выбары вельмі шчыльна, кажуць у апазіцыі.

СЯРГЕЙ КАЛЯКІН, СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ «СПРАВЯДЛІВЫ СВЕТ»:

“У 7 разоў менш прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях, чым было на папярэдніх выбарах 2010 года. Хаця іх і тады было ўсяго некалькі дзясяткаў, а сёння ўвогуле адзінкі”.

Пра парушэнні як беларускага заканадаўства, так і міжнародных стандартаў на ўсіх этапах выбараў кажуць і незалежныя праваабаронцы, што арганізоўвалі сваё назіранне.

АЛЕГ ГУЛАК, ПРАВААБАРОНЦА:

“Мы не можам быць упэўненыя ў тым, што агучаныя лічбы рэальна адлюстроўваюць волевыяўленне беларускага народу”.

Паводле праваабаронцаў, агітацыйнай кампаніі сёлета практычна не было. Затое была дыскрымінацыя апазіцыйных кандыдатаў, укідванне бюлетэняў, прыпіскі колькасці выбаршчыкаў. Адміністратыўны рэсурс выкарыстаны і для масавага прыгону студэнтаў і працаўнікоў на датэрміновае галасаванне. А пракуратуры і выбаркамы не рэагавалі на скаргі так, як мусілі, займаючыся “адфутбольваннем” і адпіскамі. Сапраўднай і шчырай палітычнай барацьбы не было.

ВАЛЯНЦІН СТЭФАНОВІЧ, ПРАВААБАРОНЦА:

“88 акруг мелі безальтэрнатыўныя выбары – там быў 1 кандыдат. А на двух акругах – ніводнага”.

Мясцовыя выбары адзначыліся арыштамі і затрыманнямі. У суботу каардынатар кампаніі назірання Дзяніс Садоўскі трапіў у ізалятар на Акрэсціна пасля таго, як паабяцаў старшыні выбарчай камісіі напісаць скаргу на яе парушэнні Закону аб выбарах.

ДЗЯНІС САДОЎСКІ, ДАВЕРАНАЯ АСОБА КАНДЫДАТА Ў ДЭПУТАТЫ:

“Фальсіфікаваць заўсёды цяжка. І гэтая нервовая сітуацыя прымусіла яе паводзіць сябе абсалютна неадэкватна”.



Сёння суд прызнаў Садоўскага вінаватым у дробным хуліганстве – фармулёўка “махаў рукамі, падвышаў голас” – і пакараў ужо адбытымі двума днямі арышту. А вось пакаранне кандыдата ў дэпутаты Антона Жылко – 5 сутак арышту за раздачу ўлётак з заклікам на дазволены Дзень Волі – пакуль адкладваецца да абскарджвання выраку.

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ БНФ:

“Галоўным сведкам абвінавачання была начальніца ўпраўлення ідэалогіі Партызанскага раёну. Але ўчора ў іх скончыліся выбары, і, напэўна, гулянка была нежартоўная. Таму яна не адказвала ні на якія тэлефоны, на працоўным месцы яе сёння не было”.



Аднак партыйная апазіцыя не збіраецца адказваць на масавыя парушэнні масавымі пратэстамі.

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ БНФ:

“У Беларусі не будзе Майдану ці нейкай аксамітнай рэвалюцыі. Усё пойдзе паводле свайго беларускага сцэнара”.

То бок як заўжды.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў