Два прадстаўнікі апазіцыі сталі дэпутатамі сельскіх саветаў


У органы мясцовай улады ўдалося прайсці толькі сябру Партыі БНФ і актывісту БХД, паведамілі прадстаўнікі кампаніі назірання за мясцовымі выбарамі «Права выбару» 24 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Сярод іншага, дэпутатам Дабейскага сельскага савету (Шумілінскі раён Віцебскай вобласці) стаў сябра Партыі БНФ і актывіст руху «За Свабоду» Аляксандр Шчамлёў. «У тых акругах, дзе мала выбарнікаў, дзе кожны адзін аднаго ведае і дзе можна пракантраляваць падлік галасоў, нішто не перашкаджае магчымасці апазіцыйнага кандыдата быць абраным дэпутатам, – паведаміў намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.У саветах жа больш высокага ўзроўню адбываюцца такія маштабныя фальсіфікацыі, што прайсці ў савет непажаданаму для ўлады кандыдату немагчыма».

Апроч таго, дэпутатам Першамайскага сельсавету (Бярозаўскі раён Берасцейскай вобласці) стаў актывіст аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Валерый Білібуха. «У ягонай акрузе атрымалася дамагчыся рэальнага падліку галасоў», – паведаміў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Ён таксама адзначыў, што Білібуха вядомы ў сваім раёне тым, што актыўна адстойваў інтарэсы жыхароў падчас знішчэння ўладамі свіней з прычыны АЧС.

Таксама чакаецца, што яшчэ адзін прадстаўнік БХД стане дэпутатам сельскага савету, паведаміў Рымашэўскі.

Усіх дэпутатаў мясцовых саветаў у Беларусі – 18 тыс.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў