Расейскі спецназ захапіў гарнізон украінскіх марпехаў. Карабель «Чаркасы» не здаецца


А 4:00 расейскія вайскоўцы распачалі штурм гарнізону марской пяхоты ў Феадосіі. У аперацыі былі задзеяныя баявыя верталёты і БТРы.

Захоп адбываўся з выкарыстаннем святлошумавых гранатаў і аўтаматычнай зброі, у тым ліку кулямётаў, паведамляе ўкраінскае Міністэрства абароны. Расейскія вайскоўцы акружылі перыметр гарнізону, двума БТРамі перакрылі дарогу і пачалі захоп казармаў.

А 6:00 з тэрыторыі батальёну выехалі некалькі цяжкавікоў «Урал» са звязанымі марпехамі. Паводле інфармацыі Міністэрства абароны Украіны, найбольш пацярпелі падчас штурму камандзір батальёну падпалкоўнік Дмытро Дэлятыцкі (Дмитро Делятицький) і намеснік камандзіра ў працы з асабовым складам Расціслаў Ломцеў (Ростислав Ломтєв), якіх нападнікі павалілі на зямлю і збівалі нагамі па галаве, пасля гэтага двух афіцэраў верталётамі вывезлі ў невядомым кірунку.

Цяпер ад 60 да 80 марскіх пехацінцаў застаюцца ў палоне на тэрыторыі Феадасійскага марскога порту.

Тральшчык «Чаркасы» адбіваецца з брандспойтаў

{movie}Тральшчык «Чаркасы» адбіваецца з брандспойтаў|right|15488{/movie}

З 9:00 расейскія вайскоўцы спрабуюць захапіць украінскі тральшчык «Чаркасы», якому перакрылі выхад у адкрытае мора, затапіўшы спісаныя караблі.

На борт спрабуе высадзіцца расейскі дэсант з катэраў, але тральшчык манеўруе, адыходзячы ад іх, экіпаж палівае захопнікаў з супрацьпажарных брандспойтаў.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары