STARавіны. Рыхтуемся да ўступных іспытаў


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?
У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.

Ах, як у нас турбуюцца бацькі, каб іхныя дзеці паступілі вучыцца ўва ўніверсітэты. Самыя прадбачлівыя замаўляюць рэпетытара яшчэ ўвосень і «падцягваюць» сваё дзіця па прадметах, якія будуць на ўступных іспытах. Вы думаеце, гэтак не было сто гадоў таму? Памыляецеся!

Відаць, больш за ўсё хвалявалі такія прадметы, як замежная мова і матэматыка. Газета «Могилёвский вестник» змясціла наступную аб’яву: «Адукаваная дама дае ўрокі французскай і англійскай мовы па вельмі малому кошту». «Наше утро» паведамляла: «Студэнт-матэматык (гімназія з залатой медалью) выкладае элементарную і вышэйшую матэматыку і фізіку».

Былі і майстры на ўсе рукі! У Магілёве былы студэнт 4 курса Д. Музыканцкі падрыхтоўваў ува ўсе навучальныя ўстановы: за поўны курс жаночай гімназіі, атэстат сталасці і за рэальнае. У Берасце Літоўскім, скончыўшы гімназію па ўсіх прадметах сярэдніх навучальных установаў, «студэнт германскага ўніверсітэта» са шматгадоваю педагагічнаю практыкаю «рыхтуе да экзаменаў і пераэкзаменоўцы па ўсім прадметам курса сярэдня-вучэбнай установы. ТАКСАМА НА ЗВАННЕ АПТЭКАРСКАГА ВУЧНЯ І НА КЛАСНЫ ЧЫН».

Пад існы попыт арганізоўвалі адпаведныя падрыхтоўчыя курсы. Магілёўскія падрыхтоўчыя курсы ведамства Міністэрства адукацыі штабс-капітана Родэра праводзілі адмысловую падрыхтоўку ў вайсковыя вучэльні і на вольнаслужбоўцаў 1-га і 2-га разраду. Праходзілі поўны курс кадэцкіх карпусоў пад кіраўніцтвам дасведчаных выкладчыкаў сярэдніх навучальных установаў і афіцэраў. Існавала лекцыйна-рэпетытарская сістэма. Па сканчэнні курсаў выдавалі пасведчанне.

Акрамя таго, у Магілёве існавала падрыхтоўчая вучэльня Г. Багданавай «для хрысціянскіх дзяцей абодвух палоў», падрыхтоўчая школа і дзіцячы садок Е. Гусарэвіч у доме Матусевіча на рагу В. Садовай і Шклоўскага базару (пачатак заняткаў з 2.09), падрыхтоўчая вучэльня В. Раманоўскай на той жа вуліцы ў доме Зільбермана.

Не забыліся і пра дапаможнікі. Так напрыклад, здаць конкурсныя іспыты за курс сярэдніх навучальных установаў па фізіцы дапамогуць «Падрабязныя рашэнні пытанняў, змешчаных у падручніку фізікі К. Д. Краевтча», які меў у дадатку агульны спіс найважнейшых формулаў і законаў фізікі і 33 чарцяжы ў тэксце. Ну, зусім, як у нас.

За сто гадоў, як бачым, па сутнасці нічога не змянілася. Жывуць рэпетытары, праводзяцца курсы па прадметах тэставання, пішуцца дапаможнікі.

Вячаслаў Швед

Стужка навінаў