Аляксей Янукевіч: Ціснуць мацней, чымся на мінулых выбарах


Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, выбары ў мясцовыя саветы нельга назваць сумленнымі і справядлівымі.

{movie}Аляксей Янукевіч: Ціснуць мацней, чымся на мінулых выбарах|right|15486{/movie}

«Мы бачым, што гэтая кампанія яшчэ больш адрозніваецца націскам, чым нават усе папярэднія. Бачым, што датэрміновае галасаванне апынулася па лічбах нібыта самым вялікім у гісторыі. Думаю, што гэта ўсё робіцца таму, што ўлады, з аднаго боку, адчуваюць заклапочанасць тым, што адбылося ва Украіне, калі фактычна Майдан перамог прэзідэнта Януковіча, і хочуць зрабіць усё, каб не дапусціць ніякага паўтарэння. Але, я думаю, асноўнае – гэта з прыцэлам на прэзідэнцкія выбары проста не даюць расслабіцца ні сваёй сістэме, ні грамадству».

Кіраўнік Парты БНФ зазначыў, што яшчэ да пачатку выбараў на патэнцыйных кандыдатаў ад ягонай партыі адбываўся ціск, некаторых звольнілі з працы, былі праблемы з рэгістрацыяй ініцыятыўных групаў, шэраг кандыдатаў толькі праз суд здолелі зарэгістравацца. Пасля былі перашкоды з правядзеннем агітацыі, канфіскацыя легальна надрукаванай прадукцыі і г. д.

«І самае галоўнае – тое, як арганізаваны падлік галасоў. Калі назіральнікі фактычна не маюць магчымасці атрымаць інфармацыю ні пра колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў на ўчастку, ні пра колькасць надрукаваных бюлетэняў, калі камісіі лічаць яўку, а па пратаколах лічбы зусім іншыя… Пра якія сумленныя і справядлівыя выбары можна гаварыць?» – дадаў палітык.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, яўка выбарнікаў на мясцовых выбарах у Беларусі з улікам датэрміновага галасавання склала 77,27 % (5 325 922 чалавекі).

Найбольш актыўна галасавалі ў Віцебскай і Магілёўскай вобласцях – 82,29 % і 80,95 % адпаведна. У Гомельскай вобласці прагаласавалі 80,83 % выбарнікаў, у Менскай – 80,74 %, у Берасцейскай – 80 %, у Гарадзенскай – 79,96 %, у Менску — 61,61 %.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў