Жырыноўскі афіцыйна прапанаваў Польшчы падзяліць Украіну


У Міністэрстве замежных справаў Польшчы атрымалі афіцыйны ліст ад лідара фракцыі ЛДПР Дзяржаўнай думы Расеі з прапановаю падзелу Украіны.

Лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, раіць, каб Польшча дамагалася правядзення рэферэндумаў у Валынскай, Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Тэрнопальскай і Ровенскай вобласцях Украіны, на якіх падымуць пытанне іх далучэння.

Такую прапанову атрымалі Вугоршчына і Румынія: ім раяць заняцца Закарпацкаю і Чарнавіцкаю вобласцямі адпаведна.

Польскае МЗС назвала ліст недарэчным і рыхтуе адказ. Дарадца прэзідэнта Польшчы Томаш Налэнч (Tomasz Nałęcz) у эфіры польскага тэлеканалу TVP-1 назваў допіс Жырыноўскага плёнам «хворае фантазіі» і дадаў, што яго варта было б пераслаць псіхіятру. Ён абурыўся тым, што расейскі палітык прапанаваў Польшчы ўзяць удзел у падзеле прыязнай дзяржавы.

Раней Жырыноўскі ўжо выказваў з думскае трыбуны ідэю падзелу Украіны. Паводле яго, Кіеў ніколі не згодзіцца на федэралізацыю Украіны, бо не ў стане чым-кольвек кіраваць, а ўсе спробы ўкраінцаў збудаваць уласную дзяржаву канчаліся фіяска.

АК, belsat.eu, паводле tvp.info, ria.ru

Стужка навінаў