«Я ўжо проста шалею ад таго, што ў нас у апазіцыі адбываецца»


Уладзімір Някляеў – пра чарговую спробу апазіцыі адшукаць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2015 года.

Без адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года няма чаго рабіць, мяркуе лідар кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат на прэзідэнта Беларусі на выбарах 2010 года, былы палітзняволены Уладзімір Някляеў.

«Мы выступаем за тое, каб распрацаваць механізм і вызначыцца з адзіным кандыдатам, і я заўсёды з гэтаю пазіцыяй выступаў, – зазначыў палітык у інтэрв’ю БелаПАНу. – Але як гэта зрабіць? Я ўжо проста шалею ад таго, што ў нас у апазіцыі адбываецца».

Нагадаем, ініцыятары кампаніі «Народны рэферэндум» – «Гавары праўду!», Партыя БНФ і рух «За Свабоду» – прапанавалі правесці кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі для выбрання адзінага кандыдата на прэзідэнта, а сустаршыня аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец заяўляў пра неабходнасць правядзення кангрэсу ўжо гэтаю вясною.

Спадар Някляеў мяркуе, што арганізаваць кангрэс дэмакратычных сілаў можна за месяц: «Але мне кажуць пра тое, які гэта складаны механізм, якія гэта можа прынесці праблемы апазіцыі, што той, хто прайграе, не пагодзіцца са сваім паражэннем. Але з такімі падыходамі лепш наогул ніякай сур’ёзнай справы не пачынаць».

Пры гэтым лідар «Гавары праўду!», які ўжо заявіў пра свой намер балатавацца на пасаду прэзідэнта, падкрэсліў: калі адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў выберуць не яго, ён гатовы адмовіцца ад сваіх планаў.

ЮВ паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары