“Трэба ашчаджаць дзяржаўныя грошы і адмовіцца ад выбараў”


Затрыманне падчас выбарчага пікету, працяг агітацыйнай кампаніі ды новыя парушэнні. Гэтым адзначыўся чацвёрты дзень датэрміновага галасавання.

Гэтак выглядае выбарчая кампанія Пятра Маркелава, які публічна выступае як кандыдат у 21-й Купрыянаўскай акрузе сталіцы. А гэтак – выбарчыя плакаты іншых патэнцыйных дэпутатаў мясцовых саветаў. За каго галасаваць, і хто яны – кандыдаты? Адказаць на гэта пытанне сходу сёння здолее далёка не кожны выбарац.
{movie}Чацвёрты дзень галасавання |right|15473{/movie}
АПЫТАННЕ:
“На маю думку, выбараў няма! Мне прынеслі нейкую паперку на аднаго кандыдата. Я не ведаю яго. Я не ведаю ягонай праграмы”.
“Як можна давяраць і абіраць чалавека, якога мы не ведаем?”
“Трэба ашчаджаць дзяржаўныя грошы і адмовіцца ад гэтага. Гэта не мае сэнсу!”

І сапраўды – даведацца што-небудзь канкрэтнае пра выбарчыя праграмы кандыдатаў з відэакліпаў і надрукаваных аркушаў амаль немагчыма. Агульная інфармацыя, якае не дапамагае выбарцу бліжэй пазнаёміцца з патэнцыйным дэпутатам, – з’ява частая, і, як лічаць аглядальнікі, зусім не выпадковая.

СЯРГЕЙ КАЛЯКІН, ПАРТЫЯ «СПРАВЯДЛІВЫ СВЕТ»:
“Дзяржава імкнецца як мага больш абмежаваць кантакт кандыдата і выбарца. Яны пазбавілі кандыдатаў магчымасці друкаваць улёткі. Сказалі: мы зробім гэта лепш. Прынеслі кожнаму выбарцу звесткі пра кандыдатаў. Што там можам прачытаць? Што я нарадзіўся і яшчэ не памёр”.

Зрэшты, такое меркаванне пацвярджае і сам агітацыйны працэс. Большасць кандыдатаў ад апазіцыі паўтарае тое самае ў розных кутках краіны.

ВІКТАР ХОМІЧ, КАНДЫДАТ У ДЭПУТАТЫ, ГОМЕЛЬ:
“Я размаўляў з кіраўнікамі такіх прадпрыемстваў, як мясакамбінат, “Крышталь”. Я прасіў сустрэчы з працоўнымі калектывамі ў любы зручны для іх час. Усюды мне адмовілі. Яны зрабілі усё, каб я не змог сустрэцца з людзьмі”.

Сярод іншых перашкодаў – прыніжэнне аўтарытэту незалежных кандыдатаў у вачах выбарцаў. Напрыклад, у агітацыйных інфарматарах цяпер абавязкова пазначаць месца працы, аб’ём даходаў і судзімасць. Трапіць за краты за апазіцыйную дзейнасць у Беларусі даволі лёгка. Што ж да беспрацоўных сярод апальных кандыдатаў…

СЯРГЕЙ КАЛЯКІН,ПАРТЫЯ «СПРАВЯДЛІВЫ СВЕТ»:
“Людзі беспрацоўныя – яны найменш трапляюць пад удар. Працоўных асобаў, якія пайшлі ў кандыдаты ад апазіцыйных партыяў, прымусілі зняцца, а некаторым нават забаранілі несці дакументы пад пагрозаю звальнення”.

Не стала выключэннем і адна з апошніх магчымасцяў кандыдатаў сустрэцца з выбарцамі. Сёння падчас выбарчага пікету ў Менску каля ўваходу на станцыю “Трактарны завод” асобы ў цывільным затрымалі кандыдата ў дэпутата Антона Жылка. Разам са сваёй даверанай асобаю ён раздаваў запрашэнні на вечаровую сустрэчу.

Таму ўжо сёння шэраг апазіцыйных палітыкаў у справядлівыя вынікі выбараў папросту не верыць.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, КАМПАНІЯ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»:
“Мы цвяроза глядзім на сітуацыю. Мы ад пачатку ведалі, што ўсе кандыдаты, якіх мы падтрымлівалі, у мясцовыя саветы не трапяць”.

У Беларусі ж прайшоў чацвёрты дзень датэрміновых выбараў. Паводле афіцыйных звестак, за ўвесь час галасавання да выбарчых скрыняў прыйшлі больш за 1 мільён асобаў. Чаго можна спадзявацца ў галоўны дзень выбараў?

СЯРГЕЙ ВАЗНЯК, КАМПАНІЯ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»:
“Самае вялікае парушэнне мы ўбачым у нядзелю ўвечары, калі сябры камісіяў не будуць лічыць галасоў. Кожнаму дадуць стос бюлетэняў. Ён іх палічыць, не ведаючы агульнага выніку”.

Пакуль жа ў Беларусі праходзяць апошнія выбарчыя пікеты кандыдатаў ад апазіцыі. Улады заахвочваюць людзей браць усё больш актыўны ўдзел як у датэрміновым, так і ў асноўным галасаванні. На ўчастках працягваюць бясплатна раздаваць ежу і абяцаюць продаж танных харчоў і адзення ў нядзелю.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu
https://youtu.be/719ZOk0hSMs

Глядзі таксама
Каментары