Манашка спевам з прытупам выклікала сенсацыю на шоу талентаў (відэа)


Гарэзлівы выступ харызматычнай маладой манашкі шакаваў суддзяў і гледачоў шоу «The Voice of Italy».

Паводле правілаў тэлешоу, чальцы журы праслухоўваюць удзельнікаў праекту, адвярнуўшыся плячыма да сцэны. Калі нехта з выступоўцаў падабаецца прадстаўніку журы, той адварочваецца, каб паглядзець на саліста.

Суддзям апошняга выдання «The Voice of Italy» вельмі спадабалася выкананне песні Алішы Кіз (Alicia Keys) «No One». Калі ж яны адвярнуліся, то адкрылі раты ад здзіўлення – перад імі была дзяўчына ў манаскім строі.

{movie}Выступ сястры Крыстына Скучча ў «The Voice of Italy»|right|15459{/movie}

Чальцоў журы сваім голасам скарыла прадстаўніца манаскага ордэну ўршулянак – 25-гадовая Крыстына Скучча (Cristina Scuccia).



«Як Вы аказаліся на праекце», – запыталі суддзі. Сястра Крыстына адказала, што ейны талент – гэта падарунак, якім яна вырашыла падзяліцца.

«Калі б я разгледзеў вас падчас імшы, я б стаў хадзіць у касцёл стала», – гэтак пракаментаваў выступ дзяўчыны яшчэ адзін чалец журы, вядомы ў Італіі рэпер J-Ax.

Наступнае пытанне, на якое давялося адказаць удзельніцы, было пра тое, што Ватыкан падумае аб ейным удзеле ў тэлешоу. Сястра Крыстына не стала хаваць сваіх надзеяў і проста адказала: «Я веру, што Папа Францішак патэлефануе мне».

«Сястра! Сястра!», – скандавалі трыбуны дзеля яе падтрымання. За сцэнаю за сястру Крыстыну заўзелі ды трымалі кулакі іншыя прадстаўніцы ейнага ордэну.

Сястра Крыстына адразу сталася зоркаю на Апенінскім паўвостраве, пра яе пішуць усе італьянскія выданні. «Мы даўно не бачылі ў тэлешоу не толькі манашкі, але і настолькі жывога, поўнага энергіі ды сапраўднай радасці жыцця», – напісала «Il Giornale».

Разам з тым з боку кансерватыўных колаў пачуліся галасы, што манашцы не выпадае браць удзелу ў шоу і скакаць на сцэне.

«Служыце адны другім тым дарам, які хто атрымаў, як добрыя раздаўцы разнастайнай ласкі Боскай», – працытаваў Новы Запавет ў абарону сястры Крыстыны прадстаўнік Рымскай курыі кардынал Джанфранка Равазі (Gianfranco Ravasi).

У Польшчы на гэткім шоу выступаў хлопец з Беларусі – Віталь Варонка.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў