Тры пакаленні беларускага мэталу прывіталі вясну на адной сцэне


Лідары трох пакаленняў беларускай мэтал-сцэны вырашылі разам адзначыць перамогу дня над ноччу. Гурты «Litvintroll», «Znich» і «Gods Tower» далі ў клубе «Re:Public» вялікі канцэрт з нагоды даўняга паганскага свята – Дня вясновага раўнадзенства. Ідэя гэткага канцэрту належыць лідару гурта «Зніч» Алесю Таболічу.



«У нас ёсць святы, якія не гучаць, апроч Купалля, Калядаў – асноўных такіх. Раўнадзенства – гэта свята, калі трэба абуджаць, гуканне вясны. Гэта першая пазіцыя. А, па-другое, – гэты склад, тры гурты, паказвае, як у нас ідзе развіццё на мэтал-фолк-сцэне», – распавядае сам Таболіч.

{movie} Агляд падзеяў культуры (21.03.2014)|right|15462{/movie}

Гэдлайнэрам вечарыны стаў гурт «Gods Tower» – самая вядомая ўва ўсім свеце беларуская мэтал-каманда. Яе творчасць – англійскамоўная. Аднак сёлета музыкі паказалі песню «Людзі на балоце». Вакаліста каманды, вядомага на мянушку Лэслі Найф, парадавала рэакцыя прыхільнікаў на першы беларускамоўны твор за 25-гадовую гісторыю гурта.

«Мы чакалі меншага рэзанансу. Менавіта за кошт таго, што не лічымся такім гуртом беларускім. Мы займаем сваё такое ўласнае месца. І тое, што мы зрабілі, думалі, што большая частка наагул не заўважыць», – адзначыў Лэслі.

Наступнае свята, якое маштабным канцэртам збіраюцца адзначыць мэталісты, – Купалле. Ужо абвесцілі пра рыхтаванне шостага з ліку фэсту «Купальскае кола». «Фэст вясновага раўнадзенства» таксама можа стаць традыцыйным.

Іншыя тэмы: У Менску прэзентавалі кнігу Тараса Шаўчэнкі «Мастак» на беларускай мове, украінская дыяспара падзякавала за гэта беларускай інтэлігенцыі. Салодкі «Сунічны джэм» – этна-фэст пад такою назва. прайшоў у крэатыўнай прасторы «ЦЭХ». Творы 11 гісторыкаў з Беларусі ды Польшчы сабралі пад адною вокладкаю кнігі «Горадня X–XX стагоддзі. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам».

Сяргей Будкін, Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў