У Менску Буда выступае разам з клоўнамі (фота)


Канадскі «Cirque du soleil» прывёз у Менск экзатычную праграму «Дральён» (Dralion) – сінтэз Усходу і Захаду.

Назву «Дральён» можна перакласці «Дракалеў» – спалучэнне сімвалаў дзвюх культураў Дракона і Льва. Галоўныя дзейныя асобы шоу – боствы, якія ўвасабляюць чатыры стыхіі: багіня вады Акіянія, багіня паветра Азалія, багіня зямлі Гая і бог агню Яа. Апроч іх, у шоу дзейнічаюць Кала – сімвал вечнай плыні жыцця, маленькі Буда, клоўны, музыканты і спявачкі, якія спяваюць на выдуманай мове «Cirque du soleil».

Пры стварэнні касцюмаў для «Дральёну» асноўнаю крыніцаю натхнення сталі традыцыйныя матывы Індыі, Афрыкі ды Кітаю. Таму ў выкарыстанай палітры шмат яркіх фарбаў. Тканіны для касцюмаў шукалі ў розных кутках свету, уключаючы ЗША, Італію, Францыю, Англію, Канаду і Кітай. Пры іх стварэнні выкарысталі і такія нетрадыцыйныя матэрыялы, як конскі волас, рафія, метал, супрацьмаскітная сетка, пер’е эму, крышталі, пенапласт, пластык, упаковачная плёнка ды іншае. Майстры атэлье ў Манрэалі больш за 3 месяцы працавалі над стварэннем касцюмаў, галаўных убораў і парыкоў для «Дральёну».

У шоу выкарысталі прыблізна 1500 элементаў касцюмаў, уключаючы абутак, капелюшы і аксесуары.

У праграме «Дральёну» больш за 10 захапляльных нумароў: паветранае кальцо Хібана, паветранае па-дэ-дэ, бамбукавыя шасты, скрыжаванае кола, Дыябала, скачкі праз абручы, жанглёр, эквілібр на апоры і гэтак далей.

Шоу будуць паказваць у комплексе «Менск-Арэна» да 23 сакавіка.

МЯ, паводле БелаПАН, belsat.eu,

Глядзі таксама
Каментары