Крымскія татары ўцякаюць у Польшчу


Зафіксаваныя першыя факты, калі грамадзяне Украіны, якія былі вымушаныя пакінуць Крымскі паўвостраў, папрасілі прытулку ў краінах Еўразвязу.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

Праз пункт пропуску «Шэгіні», што ў Львоўскай вобласці, група з 32 крымскіх татараў (у тым ліку 17 дзяцей) у чацвер увечары прыбыла ў Польшчу. Крымскія татары паведамілі, што жылі паблізу Еўпаторыі ды ў сувязі з тым, што дапамагалі ўкраінскім вайскоўцам, іх пачалі пераследаваць цяперашнія ўлады Крыму. Пазбягаючы гвалту, жыхары Крыму пакінулі свае дамы і накіраваліся ў Польшчу, каб там атрымаць статус бежанцаў.

Пра гэтую сітуацыю ўкраінскія памежнікі праінфармавалі польскіх калегаў.

Пакуль крымскія татары чакалі рашэння суседняй краіны, украінскі бок разам з мясцовымі бізнесоўцамі даў крымчукам памяшканне для адпачынку і вячэру. Польскі бок разгледзеў зварот крымскіх татараў станоўча і прапусціў іх да сябе. У Польшчы татараў накіруюць ў адзін з сацыяльных цэнтраў, дзе яны будуць жыць да моманту надання ім статусу бежанцаў.

«Варта адзначыць, што цяпер усё больш людзей спрабуюць пакінуць Крымскі паўвостраў. Цягам апошніх дзён Дзяржпамежслужба зафіксавала істотнае павелічэнне патоку грамадзянаў і транспартавых сродкаў, якія заязджаюць на тэрыторыю Украіны з Аўтаномнай Рэспублікі Крым», – паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны.

Паводле папярэдніх звестак, ужо каля 1000 асобаў з’ехалі з Крыму. Паводле інфармацыі ўкраінскага Міністэрства сацыяльнай палітыкі, Крым хочуць пакінуць 25 тыс. асобаў.

Улады Крыму, анексаванага Расеяй, прынялі рашэнне аб высяленні татараў з часткі іхных земляў. Татары складаюць каля 12 % насельніцтва Крыму.

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Глядзі таксама
Каментары