Самыя незабыўныя ўлёткі мясцовых выбараў


Парашутыст, раней судзімы выпускнік вячэрняй школы ды выпраўляльнік дэмаграфічнай сітуацыі – «Белсат» прапаноўвае падбор самых крэатыўных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі.

Датэрміновае галасаванне ідзе поўнаю хадою, а асноўны дзень выбараў – у найбліжэйшую нядзелю, 23 сакавіка.

«Паляк. Часова не працуе. Раней судзімы»

Самая лаканічныя ўлётка атрымалася ў кандыдата Эдуарда Мігута (Віцебск). Партрэт таксама прыцягвае ўвагу. Эдуард Мігут паведамляе, што скончыў вячэрнюю школу і працаваў на розных прадпрыемствах, раней быў судзімы і цяпер сядзіць без працы. Сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

«Усталяванне зуброў-хакеістаў у месцах з вялікай колькасцю людзей»

Уволю паіранізаваў з выбарчай кампаніі кандыдат Пётр Маркелаў (Менск). 20-гадовы студэнт БДУ прапаноўвае ўсталяваць сімвалы будучага чэмпіянату свету па хакеі ў «месцах з вялікай колькасцю людзей», бясплатна замяніць палавікі ў пад’ездах жыхароў выбарчай акругі ды правесці дабрачынны канцэрт Аляксандра Саладухі. Сваю кампанію ён даўно і актыўна праводзіць у сацыяльных сетках.

{movie}Кандыдат Пётр: рымэйк хіта Ксюшы Сітнік|right|15449{/movie}

«Меў 7 скачкоў з парашутам»



Руслан Кулевіч
(Горадня) паспеў скончыць будаўнічы ліцэй і адслужыць у войску спецназаўцам. Меў 7 скачкоў з парашутам. Цяпер працуе на прыватным прадпрыемстве, мантуе санітарна-тэхнічныя сістэмы. Сябра АГП.

«Что-то не так?»

Максім Задняпранны (Менск) працуе ў кампаніі «Мабільныя ТэлеСістэмы» (аператар мабільнай сувязі МТС). Ён прапаноўвае стварыць дзяржаўны банк бізнес-ідэяў для прадпрымальнікаў і спрыяць таму, каб ім выдавалі крэдыты. Апрача гэтага, кандыдат у дэпутаты паведамляе, што «выпраўляе дэмаграфічную» сітуацыю і прапаноўвае ўсім навучаць сваіх дзяцей «найлепшым сусветным практыкам». Сябра Партыі працы і справядлівасці.

«Жанаты. Добры сем’янін»

На кар’еру Руслана Камароўскага (Менск) паўплываў удзел у масавых акцыях. З пасады намесніка начальніка цэху на будаўнічым прадпрыемстве МАПІД ён стаў вядучым спецыялістам у працы з моладдзю. Ва ўлётцы ён таксама напісаў: «Жанаты. Добры сем’янін». Сябра Партыі працы і справядлівасці.

«Вярнуць зямлю ўладальнікам да 1939 г.»

Дзмітры Варабей (Берасце) зрабіў улётку на трох мовах – беларускай, польскай і ўкраінскай. З яе вынікае, што галоўнымі каштоўнасцямі для яго ёсць традыцыя, сям’я і ўласнасць. Галоўны лозунг ягонай кампаніі: «Вярнуць зямлю ўласнікам да 1939 года!». Сябра Партыі БНФ.



«Час палітычных пераўтварэнняў у Беларусі надышоў!»

Перадвыбарчая праграма Андрэя Струнеўскага (Салігорск) прадугледжвае ні многа ні мала павышэнне эфектыўнасці эканомікі ды інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы, фармаванне «палітыкі згоды» ў грамадстве. Ён таксама абяцае палітычныя рэформы, якія павысяць ролю грамадзянскай супольнасці і палітычных партыяў. Сябра Партыі працы і справядлівасці.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў