У Крыме – недахоп харчоў і паліва, а пенсіянеры чакаюць ад Расеі новых пенсіяў


Падрыхтаваны за 3 тыдні рэферэндум і наспех абвешчаная незалежнасць не паспрыялі эканамічнай ды сацыяльнай стабільнасці на мяцежнай паўвыспе. Крымчукі сталага веку ў гэтым месяцы не далічыліся пенсіяў амаль на 400 млн грыўняў.

Паводле міністра сацыяльнай палітыкі Украіны Людмілы Дзянісавай, міністэрства не мае тэхнічнай магчымасці перавесці астатнія грошы. Крымскі дзяржаўны скарб адлучыўся ад сістэмы электронных плацяжоў і ўжо не працуе ў межах Дзяржаўнага скарбу Украіны.

{movie}На Крыме недахоп харчоў і паліва, а пенсіянеры чакаюць ад Расеі новых пенсіяў |right|15422{/movie}

Агулам штомесяц Украіна пераводзіла больш за 1 млрд грыўняў на пенсіі ў Крыме. Міністр таксама зазначыла, што выплаты пенсіяў, а таксама заробкаў для ўкраінскіх вайскоўцаў дайшлі да адрасатаў толькі дзякуючы таму, што грошы перавялі раней. Жыхары Сімферопалю, хоць і засмучаныя пратэрмінаваннем, але спадзяюцца атрымаць належнае ім у хуткім часе… ужо ад уладаў Расеі.

Цэнтрабанк Расеі заяўляе пра гатовасць цягам тыдня разгарнуць працу мабільных разліковых цэнтраў, каб забяспечыць выдачу пенсіяў і гуманітарнай дапамогі. Аналагічную схему апрабавалі ў Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі.

Заручыўшыся палітычным падтрыманнем Масквы, Крым застаўся без фінансавага падтрымання з Кіева. Праблемы не толькі з сацыяльнымі выплатамі: тут амаль не працуе банкаўская сістэма. Адчуваецца недахоп харчоў і паліва.

Алесь Баразенка, Сяргей Кавалёў, «Белсат», Сімферопаль, belsat.eu

Стужка навінаў